Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раско́латы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раскалоць.

раско́лванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расколваць — раскалоць.

раско́лвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раскалоцца.

2. Разм. Моцна балець (пра галаву). На наступны ўрок .. [Сцёпа] не застаўся. Сказаў: — Галава ажно расколваецца — і пайшоў дадому. Курто.

3. Зал. да расколваць.

раско́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскалоць.

раско́ліна, ‑ы, ж.

1. Лінія расколу чаго‑н.; трэшчына. Алешыну раскалола навальніца. Віця нават засунуў руку ў расколіну — такая яна была вялікая. Хомчанка. Сцены хаты, сухія, з глыбокімі расколінамі, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха. Караткевіч.

2. Глыбокая трэшчына ў зямлі, горнай пародзе; цясніна. [Скрут і Балаш] ішлі, пераскокваючы расколіны, абходзячы непрыступныя пікі. Шыцік. Марудзіць тут няма калі, і мы хаваемся ў расколіну і па ёй збягаем к берагу. С. Александровіч.

3. перан. Разлад, разыходжанне паміж кім‑, чым‑н., выкліканыя рознагалоссямі, супярэчнасцямі. Пасля такіх спрэчак сябры адчулі, што іх сяброўства дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі. Колас.

раско́льнік, ‑а, м.

1. Той, хто ўносіць раскол у якую‑н. арганізацыю, садзейнічае расколу.

2. Паслядоўнік расколу (у 4 і 5 знач.); член раскольніцкай рэлігійнай секты; старавер.

раско́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да раскольнік.

раско́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які садзейнічае расколу, выклікае яго. Раскольніцкая дзейнасць рэвізіяністаў.

2. Які мае адносіны да раскольніка (у 2 знач.), належыць або ўласцівы яму. Раскольніцкія звычаі. // Які складаецца з раскольнікаў. Раскольніцкая абшчына.

раско́льніцтва, ‑а, н.

1. Дзейнасць, паводзіны раскольніка (у 1 знач.).

2. Тое, што і раскол (у 4 знач.).

раско́п, ‑у, м.

Спец. Месца, у якім праводзяцца археалагічныя раскопкі культурнага слоя.