Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

жадэі́т, ‑у, М ‑дэіце, м.

Каштоўны белы камень з бледна-зялёным або сіняватым адценнем.

[Фр. jadeite.]

жазло́, а́; мн. жэ́злы (з ліч. 2, 3, 4 жазлы́), жэ́злаў; н.

1. Уст. Посах, палка асобай формы, якія служылі сімвалам улады, ганаровага звання, становішча. Маршальскае жазло.

2. Палачка ў руках рэгуліроўшчыка вулічнага руху. Прыгожа махаючы паласатымі жэзламі, стаялі.. міліцыянеры. Карпаў.

3. Металічны стрыжань з дужкай і ўказаннем участка чыгуначнага пуці (выкарыстоўваецца пры рэгуліроўцы руху паяздоў). — Ну, стаянка скончылася. Давай жазло, Петрык! Шынклер.

жазло́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жазла (у 3 знач.). Жазловая сістэма рэгулявання руху паяздоў.

жак, ‑а, м.

Рыбалоўная прылада: нерат з двума крыламі. Падняў кулёк. Як меддзю, карасямі Набіт да крылля рэдкавокі жак. Прануза.

жака́н, ‑а, м.

Тупая паляўнічая куля на буйнога звера. Мы з Ігнатам рыхтаваліся выйсці досвіткам на дзікоў. Расклалі на стале ўсе свае паляўнічыя прычындалы — капсулі, гільзы, пыжы, бляшанкі са шротам і порахам — і зараджалі патроны жаканамі і карцеччу. Ляўданскі.

жака́рдавы, ‑ая, ‑ае.

Вытканы з дапамогай ткацкага станка, аснашчанага жакардавай машынай (гл. жакардаў). Жакардавая тканіна. □ Яркія маляўнічыя дываны — набіўныя і жакардавыя — здавалася, гарэлі. Карпаў.

жака́рдаў, ‑ава.

Прызначаны для вырабу тканін з вельмі складаным буйнаўзорыстым малюнкам. Жакардава машына.

[Ад уласн. імя.]

жаке́й, ‑я, м.

1. Прафесіянальны яздок на конных скачках.

2. Той, хто даглядае і дрэсіруе коней-скакуноў.

[Англ. jockey.]

жаке́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жакея, уласцівы яму. Жакейскі касцюм.

жаке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

Кароткая жаночая верхняя адзежына. У хату ўвайшла высокая жанчына ў сінім жакеце і з цёплай белай хусткаю на галаве. Ваданосаў.

[Фр. jaqette.]