Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

жава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. жаваць.

жава́ны і жо́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад жаваць.

2. у знач. прым. Расцёрты, размяты зубамі. Настаўніца назвала .. [Сержаў] учынак з жаванай паперай хуліганствам. Чорны. // перан. Разм. Які доўга і неаднаразова абмяркоўваўся; зацяганы. Жаванае пытанне.

жа́варанак і жа́ўранак, ‑нка, м.

Невялікая пеўчая птушка атрада вераб’іных, якая водзіцца пераважна на полі. Кожную раніцу аж разлягаўся жаваранак, упарта напамінаючы, што вясна такі — вось яна. Крапіва. Ясны блакіт вам, прасторы зялёныя, Хай жа над вамі з зары да зары Радасна жаўранкі звоняць натхнення, Сонца гарыць! Барадулін.

жа́варанкаў і жа́ўранкаў, ‑ава.

Які належыць жаваранку, жаўранку, уласцівы яму. Твары пазіралі ў далёкае неба, нібы ўглядаліся ў вячыстае сонца, прыслухоўваліся да жаваранкавай песні, што ўслаўляла веліч і радасць жыцця, яго мудрую бессмяротнасць. Лынькоў.

жава́цца, жуецца; незак.

Зал. да жаваць.

жава́ць, жую, жуеш, жуе; жуём, жуяце; заг. жуй; незак., што.

1. Размінаць ежу або што‑н. зубамі. Дзед, выцягнуўшы з торбы сухую скарынку мёрзлага хлеба, стаў жаваць. Каваль. Тады ардэн пакіне жаваць траву, падыме галаву, захрапе ад незвычайнага гуку ды зноў пачне грызці. Кулакоўскі.

2. перан. Разм. Доўга і нудна гаварыць, разбіраць адно і тое ж. Будзе жаваць цэлую гадзіну адно і тое ж.

•••

Жаваць жвачку — тое, што і жаваць (у 2 знач.).

Жаваць словы — неразборліва, нячленараздзельна гаварыць.

жаве́ль, ‑вялю; м.

Хлорысты раствор, едкая зеленавата-жоўтая вадкасць, якая выкарыстоўваецца для адбелкі тканін.

[Ад геагр. назвы.]

жагна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Уст. Хрысціцца. Як зазванілі, ён зняў шапку і пачаў жагнацца. Чорны.

жагна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Уст.

1. Хрысціць крыжам каго‑, што‑н. Арцыбіскуп падыходзіць да апосталаў, жагнае іх і працягвае руку да кароны. Клімковіч.

2. Благаслаўляць. — Йдзі, сыночку, я жагнаю З ворагамі біцца... Чарот.

жада́нне, ‑я, н.

1. Унутранае імкненне, цяга да ажыццяўлення чаго‑н.; хаценне чаго‑н.; ахвота. [Віця] вельмі хацеў азірнуцца, але перамог такое жаданне. Чарнышэвіч. — Вось тваё жаданне і збылося, — усміхнуўся. Мірон. Маўр.

2. Прадмет захаплення, мары і пад. Вучоба — вось яго жаданне.