драбню́ткі, ‑ая, ‑ае.
Вельмі дробны. Драбнюткія каплі. Драбнюткія зярняткі маку.
драбо́к, ‑бка, м.
Крупінка якога‑н. цвёрдага рэчыва. Жанчына расшмаргнула завязку, узяла з торбачкі драбок солі, лізнула, панюхала. Хомчанка.
дра́бы, ‑аў; адз. няма.
Абл. Рэбры. — Што, і летам у вас каровы не паправіліся? З зімы, я бачыў, адны драбы выйшлі. Броўка.
драбяза́, ‑ы, ж., зб.
1. Невялікія прадметы; дробныя рэчы. — Валя маскіравала кошык зверху рознымі шпількамі, іголкамі і іншай драбязой. Якімовіч. На возе стаяў куфар, калыска і посцілка усякай драбязы, завязаная на рагі. Лобан. // Дробныя жывыя істоты. У гэтым гняздзе знайшла, відаць, прытулак і розная птушыная драбяза. Лынькоў. / Пра малых дзяцей. — Ці далёка ты зойдзеш з гэтай драбязою? — паказаўшы на пяцёра, адно пад другім малых, запярэчыў Даўгулевіч. — Як маеш дзяцей, галубок, то май і клопат... Гурскі.
2. Што‑н. нязначнае, неістотнае, не вартае ўвагі; нікчэмнасць. Пасядуць [Галяш і Зоська] адно насупроць другога і перапытваюць усялякую драбязу. Чорны. Усе нягоды, усе цяжкасці забываліся, усе перашкоды здаваліся драбязою пасля такой весткі. Кавалёў.
драві́ды, ‑аў; адз. дравід, ‑а, М ‑дзе, м.
Група народаў паўднёвай Індыі, блізкіх па мове і культуры.
дравіды́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дравідаў, належыць ім. Дравідыйскія мовы.
дравяні́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дрэва, з’яўляецца дрэвам. Для расліннасці пустыні характэрна перавага дравяністых раслін над травяністымі. Гавеман. // Цвёрды, як дрэва. Дравяністы корань.
дра́га, ‑і, ДМ дразе, ж.
1. Плывучая землечарпальная машына, прызначаная для распрацоўкі россыпных залежаў карысных выкапняў (золата, плаціны, волава і інш.), а таксама для паглыблення дна рэк, азёр і пад.
2. Прылада для здабывання жывёл і раслін, якія жывуць на дне вадаёмаў.
[Фр. drague.]
драгама́н, ‑а, м.
Перакладчык пры дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтвах, пераважна ў краінах Усходу.
[Фр. dragoman з араб.]
драгама́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да драгамана.