ёрзанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ёрзаць.
ёрзацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Тое, што і ёрзаць. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Там, дзе вісеў кажух, у запечку за перагародкай нехта біў цвёрдымі нагамі аб падлогу і ёрзаўся. Пташнікаў.
ёрзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Неспакойна сядзець, круцячыся, соўгаючыся з месца на месца. Гольдзін выціраў пот, ёрзаў, занатоўваў нешта ў блакнот і раптам перапыняў таго, хто выступаў. Шамякін. Рэгістратару не цярпіцца, ёрзае па крэсле туды і сюды. Бядуля.
ёрш 1, ярша, м.
1. Дробная прэснаводная касцістая рыба сямейства акунёвых з калючымі плаўнікамі. Адны дурныя пячкурыкі ды дробныя калючыя яршы чапляюцца на кручок. Якімовіч.
2. Шчотка для мыцця бутэлек, чысткі лямпавага шкла, частак механізмаў і пад.
ёрш 2, ярша, м.
Разм. Сумесь гарэлкі з півам, якая хутка і моцна ап’яняе.
ёсць 1,
1. Форма цяпер. часу ўсіх асоб адз. і мн. ліку дзеяслова «быць». Люба адчула, што яна не адзінокая, што каля яе ёсць свае, родныя людзі. Шамякін. [Хлопцы] не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карты і компас ёсць. Мележ.
2. Служыць звязкай у састаўным іменным выказніку. — Як не пазнаць! — сказаў стары. — Ты ёсць Наш стараста... З. Астапенка.
3. Ужываецца як вокліч радасці, задаволенасці з прычыны якой‑н. удачы. Ёсць! Трапіў якраз у цэль.
•••
Так і ёсць гл. так.
Што (колькі) ёсць духу гл. дух.
Як ёсць — усё, поўнасцю, цалкам. Ці добра мне, ці кепска мне, Я ўсё, як ёсць, перажыву. Астрэйка.
ёсць 2, выкл.
Адказ падначаленага камандзіру, які абазначае: зразумела, будзе выканана. — Адно аддзяленне накіруй праводзіць абоз, а тры — да мінёраў.. Сам, вядзі аддзяленне. — Ёсць! Можна ісці выконваць? М. Ткачоў.
ёт, ‑а, М ёце, м.
Назва зычнага гука, які ў лацінскім алфавіце абазначаецца літарай «j», а ў беларускай мове літарай «й» або не мае спецыяльнага літарнага абазначэння.
ёта, ‑ы, ДМ ёце, ж.
Літара грэчаскага алфавіта (J), якая абазначае гук «і».
•••
Ні на ёту — ані, ніколькі.
[Грэч. iōta.]
ётаваны, ‑ая, ‑ае.
Які вымаўляецца з гукам «ёт». Ётаваныя галосныя.
ёта́цыя, ‑і, ж.
Спец. З’яўленне зычнага гука ёт (й) у пачатку слова перад галосным або ў сярэдзіне слова паміж галоснымі гукамі, напрыклад: ёд, свая, дзе «я» = «йа», «е» = «йэ», «ё» = «йо», «ю» = «йу».