ёлкнуць, ‑не; незак.
Станавіцца ёлкім; ялчэць. Сала пачынае ёлкнуць.
ёлуп, ‑а, м.
Лаянк. Бесталковы, тупы чалавек; дурань, асталоп. — У, ёлуп.., — лаяў сябе дырэктар. — Як жа яно так? Што ж гэта магло здарыцца? Караткевіч. [Нупрэю], відаць, прыемна было бачыць, што я не ёлуп які, а ўсяму вучуся, усё пераймаю ад яго. Сабаленка.
ёлупень, ‑пня, м.
Тое, што і ёлуп. «Нічога ты, ёлупень, не разумееш. І ніколі табе не зразумець нас», — падумала Валя. Сіняўскі.
ёмістасць, ‑і, ж.
1. Здольнасць змясціць у сабе пэўную колькасць чаго‑н.; унутраны аб’ём. Ёмістасць рэзервуара. Ёмістасць транспартных сродкаў. □ Набралі мы посуд сярэдняй ёмістасці і пайшлі. Дубоўка.
2. перан. Якасць ёмістага (у 2 знач.). Ёмістасць параўнанняў.
3. Спец. Пасудзіна для захоўвання чаго‑н. Напоўніць ёмістасці газам.
ёмісты, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны змясціць у сабе вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Ёмісты рэчавы мяшок. Ёмістая сталовая. □ Ёмістая пашча [экскаватара] .. ўзнімала і абвальвала на грузавік ледзь не цэлую тону жоўтага пяску. Паслядовіч. Двор поўніўся людскіх гоманам; рыпелі колы ёмістых драбін, бразгала жалеза. Хадкевіч.
2. перан. З багатым зместам, з вялікім унутраным сэнсам. Ёмісты вобраз. Ёмісты выраз. □ Але ў Купалы разам з песеннасцю прысутнічаў, як вядома, і надзвычай выразная мова вобразнай сімволікі, сімволікі ёмістай, па-філасофску значнай і народна-каларытнай. Перкін.
ёмка 1,
1. Прысл. да ёмкі.
2. безас. у знач. вык. Разм. Добра, зручна. Сядзець [Віктару], відаць, было не вельмі ёмка, і ён раз-пораз варочаўся, намагаўся вылезці з кажуха. Шамякін.
ёмка 2, ‑і, ДМ ёмцы; Р мн. ‑мак; ж.
Абл. Чапяла. Дзядзіна.. пякла аладкі, нервуючыся, бразгала праз меру моцна аб прыпечак ёмкаю і патэльняй. Галавач.
ёмкасць, ‑і, ж.
1. Тое, што і ёмістасць (у 1 знач.).
2. Уласцівасць ёмкага (у 1, 2 знач.).
ёмкі, ‑ая, ‑ае.
1. Якім добра і лёгка карыстацца; зручны. Ёмкі кій. □ Пасля працоўнага дня гэтак прыемна бывае праехаць у ёмкіх санках, на добрым кані! Шамякін.
2. Зграбны, спрытны. На пні прымасціўся Гарвада, Сярэдняга росту, худы, Касцісты і ёмкага складу І з віду яшчэ малады. Колас. Зінчанка — ёмкі хлопец і ўмее даглядаць машыну. Шынклер. // Моцны; лоўкі, меткі. Ёмкі ўдар. □ Ёмкі стрэл, ад якога шумела ў ельніку рэха, агонь, што вырываўся з гільзы, прадавалі нам смеласці. Пташнікаў.
3. Вялікі, ладны. — Папраўляйся, галубок, — разгладжваючы вусы, гаварыў дзед Мікалай. Ён любаваўся, як апетытна Сашка ўплятаў ёмкую лусту хлеба. Даніленка. То была рэчка Вітлянка, з якой я, прыязджаючы сюды ўлетку, не раз цягаў гарбатых ёмкіх акунёў. Хадкевіч. // Моцнага целаскладу; дзябёлы. Андрэй выглядаў ёмкім, прысадзістым, якраз да танка, а мінамётчык — цыбаты, няскладны. Грамовіч. За салдатам у дзвярах паказаліся яшчэ двое, адзін рослы, худы, другі нізкарослы, ёмкі. Дуброўскі.
4. Тое, што і ёмісты; умяшчальны. — Даць больш ёмкія на груз вагоны і мацнейшыя паравозы! Шынклер. — Я вельмі рада, што маю чым падлячыць вас. — [Вольга Віктараўна] налівае ёмкую чарку. — Піце, Андрэй Пятровіч: гэта першы спосаб усцерагчыся ад прастуды. Колас.
ён, яго, яму, ім, аб ім; мн. яны; займ. асаб. 3 ас. адз. м.
1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка мужчынскага роду адзіночнага ліку, які абазначае, звычайна ў папярэднім кантэксце, прадмет гаворкі. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас. Сцяпан Варанец падышоў да параненага і, разадраўшы на ім кашулю, пачаў перавязваць. Крапіва.
2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежнага займенніка; ягоны. Яго дзеці. Яго работа. □ Крыніцы неадольнай магутнасці савецкага народа і яго арміі, якія разграмілі мацнейшага ворага, закладзены ў самой прыродзе сацыялістычнага ладу. «Звязда». Яго гнуткае цела згіналася і разгіналася, як сталёвая спружына. Мурашка.
3. У спалучэнні з «вось» ужываецца ў знач. узмацняльнай або ўказальнай часціцы. Канец вайне! Вось ён — глыбокі тыл! Як ціха тут! Як марыцца салодка. З. Астапенка.
•••
Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго ведае гл. бог.
Вось я яго (іх, ім) гл. я.
Хто яго ведае гл. хто.
ёр, ‑а, м.
Даўнейшая назва літары «ъ» (цвёрды знак).