Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

е́хацца, едзецца; безас.

Незак. Пра магчымасць ехаць, перамяшчацца. Удзень звычайна на станцыях такіх пасажыраў зганяла з дахаў чыгуначная міліцыя, але ўночы ехалася спакойна, адно трэба было сцерагчыся, каб не зачапіла чым ды не скаціцца з даху. Чыгрынаў.

е́хаць, еду, едзеш, едзе; едзем, едзеце, едуць; заг. едзь; незак.

1. Рухацца па сушы, па вадзе пры дапамозе якіх‑н. сродкаў перамяшчэння. Ехаць чыгункай. Ехаць у трамваі. Ехаць вярхом. Ехаць на лодцы. □ Паабапал і ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннікаў. Лынькоў. Наклалі вазы ды едуць дахаты: бацька на адным возе, сын — на другім. Якімовіч. // Рухацца, каціцца (пра сродкі перамяшчэння). Гасцінцамі ехалі то туды, то сюды вайсковыя абозы. Чорны.

2. Накіроўвацца куды‑н., выкарыстоўваючы якія‑н. сродкі перамяшчэння; ад’язджаць; рабіць паездку. Ехаць за граніцу. Ехаць на фронт. □ Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і выйшаў. Колас.

3. перан. Разм. Выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду з каго‑, чаго‑н. — На татку едуць, пакуль татка не з’ездзіцца, — сказаў, як стары, Вова недзе чутыя словы. Гурскі. — Склалі дзесяць год таму назад сякі-такі планік і з таго часу едзем на ім. Кулакоўскі.

4. Ссоўвацца, саслізгваць са свайго месца. Шапка едзе на вочы.

•••

Далей (ехаць) некуды гл. некуды.

На тройках ехаць — вучыцца пасрэдна, без асаблівага старання.

ешыбо́т, ‑а, М ‑боце, м.

Уст. Яўрэйская духоўная семінарыя.

ё, нескл., н.

Сёмая літара беларускага алфавіта, якая абазначае: а) пасля зычных — галосны гук «о» і мяккасць папярэдняга зычнага, напрыклад, «лёс — льос»; б) пасля галосных, «ў», раздзяляльнага мяккага знака, апострафа і ў пачатку слова — два гукі: «й» і «о», напрыклад, «маё — майо», «ён — йон». Малое ё.

ёг, ‑а, м.

Паслядоўнік індыйскага рэлігійна-філасофскага вучэння, якое сцвярджае, што шляхам дыхальных, фізічных і маральных трэніровак можна выйсці з-пад улады пачуццяў і законаў прыроды.

ёга, ‑і, ДМ ёзе, ж.

Рэлігійна-філасофскае вучэнне ў Старажытнай Індыі, паслядоўнікамі якога з’яўляюцца ёгі.

ёд, ‑у, М ёдзе, м.

1. Хімічны элемент, рэчыва ў выглядзе цёмна-шэрых крышталяў з металічным бляскам, якое здабываецца галоўным чынам з попелу некаторых марскіх водарасцей.

2. Спіртавы раствор гэтага рэчыва, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Медсястра таропка змазала ёдам скуру навокал раны. М. Ткачоў.

[Ад грэч. ioedēs — фіялетавы.]

ёдафо́рм, ‑у, м.

Прэпарат еду — крышталічны жоўты парашок, які выкарыстоўваецца ў медыцыне як антысептычны сродак.

ёдзісты, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе ёд. Ёдзісты калій. Ёдзістая соль.

ёдкі, ‑ая, ‑ае.

Абл. Халодны і вільготны; золкі. Вецер дзьмуў едкі, вадзяністы. Чыгрынаў. Ноч была месячная і ёдкая. Гарэцкі.