Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́гнаць, ‑ганю, ‑ганіш, ‑ганіць; зак., каго-што.

1. Гонячы, прымусіць выйсці, выехаць; выдаліць. Выгнаць жывёлу з хлява. □ На росны поплаў выгналі табун калгасных коней. Бялевіч. Хлапчукі выгналі статак з аборы трошкі раней, каб мець больш часу. Пальчэўскі. Паглядзіце вы на Ціта — Вынес ён у хлеў карыта, І падсвінкаў, і свіней Выгнаў з хаты і з сяней. Крапіва. // перан. Пазбавіцца ад чаго‑н., прагнаць што‑н. Хацелася прычакаць вечара і пайсці ў кіно, каб там хоць на пару гадзін выгнаць з галавы неадчэпныя думкі. Дамашэвіч. // Разм. Звольніць, выключыць. Выгнаць з работы. Выгнаць са школы. // перан. Разм. Вывесці, знішчынь. Выгнаць хваробу. Выгнаць васьмёрку (з веласіпеднага кола).

2. Выдаліць сілай, прагнаць. Выгнаць акупантаў.

3. пераважна безас. Паспрыяць хуткаму росту каго‑, чаго‑н. [Васіль:] — Эх, але ж і выгнала.. [сасну], нібы само сонца за галлё цягнула!.. Шамякін.

4. Разм. Выпрацаваць; зарабіць. Чалавек дзесяць штодзень з самага ранку ўжо звоняць косамі, спяшаюцца выгнаць сваю норму. Дамашэвіч. [Чумак:] — Каб яшчэ Ігнатку на гэтую справу паставіць! Удвух можна сотню ў дзень выгнаць. Савіцкі.

5. Спец. Здабыць шляхам перагонкі. Выгнаць бочку шкіпінару.

•••

Выгнаць абзу (спец.) — стругаючы, зняць абзу, састругаць.

выгніва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. выгніваць — выгнісці.

выгніва́ць, ‑ае.

Незак. да выгнісці, выгніць.

вы́гнісці, ‑гніе; зак.

Згнісці ў адным месцы, у сярэдзіне або поўнасцю. Выгніў яблык. Выгніў зуб. □ Падлога выгніла, маснічыны між падвалін пазападалі, і з правалін несла сырою парахнёю. Скрыган.

вы́гніць, ‑гніе; зак.

Тое, што і выгнісці.

вы́гнутасць, ‑і, ж.

Асаблівасць выгнутага. [Марынка] заўважыла і выгнутасць шырокіх броваў, і выразна акрэсленыя тонкія вусны. Хадкевіч.

вы́гнуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад выгнуць.

2. у знач. прым. Які мае выгін. Шыі паненак таксама нагадваюць лебядзіныя, такія ж доўгія і выгнутыя. Ус.

вы́гнуцца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; зак.

Прыняць дугападобную форму, утварыць выгіб. Не даходзячы да лукі, выгнуўшыся яшчэ раз каля лесу вельмі прыгожаю дугою, Нёман, забіраў управа. Колас. Залез на дрэва — ўніз ляціш, Бяроза выгнецца дугою. Барадулін. Рэчка выгнулася тут Срэбнаю падковай. Гілевіч.

вы́гнуць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; зак., што.

1. Сагнуць дугою, надаць сагнутую форму. Выгнуць шыю. □ Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас. Конь.. выгнуў гужы і рвануў з усёй сілы. Баранавых.

2. Разм. Выпрастаць, разагнуць. Выгнуць бляху. Выгнуць умяціну на кузаве машыны.

вы́гнюсіць, ‑гнюшу, ‑гнюсіш, ‑гнюсіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Забрудзіць што‑н. з усіх бакоў. Хлапчукі падкасваюць штаны, а дзяўчынкі, ідучы ззаду, падымаюць сукенкі, каб не выгнюсіць іх рудою. Васілевіч.

2. перан. Абгаварыць, абалгаць, аблаяць.