вы́гнаць, ‑ганю, ‑ганіш, ‑ганіць; зак., каго-што.

1. Гонячы, прымусіць выйсці, выехаць; выдаліць. Выгнаць жывёлу з хлява. □ На росны поплаў выгналі табун калгасных коней. Бялевіч. Хлапчукі выгналі статак з аборы трошкі раней, каб мець больш часу. Пальчэўскі. Паглядзіце вы на Ціта — Вынес ён у хлеў карыта, І падсвінкаў, і свіней Выгнаў з хаты і з сяней. Крапіва. // перан. Пазбавіцца ад чаго‑н., прагнаць што‑н. Хацелася прычакаць вечара і пайсці ў кіно, каб там хоць на пару гадзін выгнаць з галавы неадчэпныя думкі. Дамашэвіч. // Разм. Звольніць, выключыць. Выгнаць з работы. Выгнаць са школы. // перан. Разм. Вывесці, знішчынь. Выгнаць хваробу. Выгнаць васьмёрку (з веласіпеднага кола).

2. Выдаліць сілай, прагнаць. Выгнаць акупантаў.

3. пераважна безас. Паспрыяць хуткаму росту каго‑, чаго‑н. [Васіль:] — Эх, але ж і выгнала.. [сасну], нібы само сонца за галлё цягнула!.. Шамякін.

4. Разм. Выпрацаваць; зарабіць. Чалавек дзесяць штодзень з самага ранку ўжо звоняць косамі, спяшаюцца выгнаць сваю норму. Дамашэвіч. [Чумак:] — Каб яшчэ Ігнатку на гэтую справу паставіць! Удвух можна сотню ў дзень выгнаць. Савіцкі.

5. Спец. Здабыць шляхам перагонкі. Выгнаць бочку шкіпінару.

•••

Выгнаць абзу (спец.) — стругаючы, зняць абзу, састругаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)