мімахо́дзь, прысл.
Разм. Тое, што і мімаходам. Зірнулі [хлопцы] мімаходзь на бабровае паселішча і пайшлі далей. Маўр. Заранік заўважыў, як касы позірк брыгадзіра нібы мімаходзь акінуў яго з ног да галавы. Хадкевіч.
міметы́зм, ‑у, м.
У біялогіі — від мімікрыі, як сродак самааховы, які заключаецца ў прыпадабненні знешняга выгляду некаторых жывёл да навакольнага асяроддзя і да іншых жывёл, забяспечаных чым‑н. ад ворагаў.
[Ад грэч. mimeomai — пераймаю.]
мі́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.
1. Рухі мышцаў твару, якія выражаюць перажыванні, пачуцці, настрой. [Багуцкі] прыглядаўся да людзей, да іх твараў, рабіў здагадкі аб іх настроях па іх знешняму выгляду, па рухах, па ледзь улоўнай міміцы. Лынькоў.
2. Мастацтва выражаць пачуцці і настрой адпаведнымі рухамі мышцаў твару. Заікам цяжка гаварыць, таму пры размове яны дапамагаюць сабе мімікай. Карпюк.
[Ад грэч. mimikós — пераймальны.]
мімікры́я, ‑і, ж.
У біялогіі — прыпадабненне некаторых відаў жывёл і раслін да навакольнага асяроддзя з мэтай самааховы. Мімікрыя дае магчымасць хавацца ад ворагаў. // перан. Беспрынцыпнае прыстасаванне да асяроддзя, да ўмоў жыцця. Для Астраўнова пасада загадчыка гаспадаркі ў калгасе — мімікрыя. Каваленка.
[Англ. mimicry, ад грэч. mimeomai — пераймаю.]
мімі́ст, ‑а, М ‑спе, м.
1. Акцёр, які па-мастацку валодае мімікай.
2. Акцёр, які ўдзельнічае ў мімічных сцэнах.
мімі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да міміст.
мімі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мімікі. Мімічныя сродкі артыста. // Выражаны пры дапамозе мімікі. Мімічная сцэна.
мімо́за, ‑ы, ж.
1. Трапічная расліна (дрэва, куст і інш.) сямейства мімозавых, некаторыя віды якой згортваюць лісцікі пры дотыку да іх. // перан. Пра надзвычай крыўдлівую, сарамлівую асобу. «Які ты непрыгожы! — аднойчы ўсклікнула .. [маці]. — І мужчынскай цвёрдасці ў цябе няма. Як мімоза якая... Цяжка табе будзе жыць». Навуменка.
2. Від акацыі з дробнымі жоўтымі, сабранымі ў мяцёлачку кветачкамі.
[Ад грэч. mimos — пераймальнік.]
мімо́завы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мімозы. Мімозавы пах.
2. у знач. наз. мімо́завыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, блізкароднаснае сямейству бабовых.
мі́на 1, ‑ы, ж.
1. Снарад з выбуховым рэчывам, які закладваецца ў зямлю, пад ваду і інш. Неўзабаве загрымелі выбухі на чыгунцы, запалалі паліцэйскія ўчасткі, пачалі падрывацца на мінах нямецкія машыны. Асіпенка. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ.
2. Снарад для стральбы з мінамёта. Праз хвіліну мінамёт пачаў сыпаць міны на мірныя хаты. Шамякін.
3. Тое, што і тарпеда.
•••
Падлажыць міну гл. падлажыць.
[Фр. mine.]
мі́на 2, ‑ы, ж.
Выраз твару. Хлопцы пераглянуліся і зрабілі сур’ёзныя міны. Гартны. Кандрат так перадражніў Данькаву інтанацыю і міну, што ўсе зарагаталі. Караткевіч.
•••
Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.
Рабіць (строіць) міну гл. рабіць.
[Фр. mine.]