мі́на 1, ‑ы, ж.

1. Снарад з выбуховым рэчывам, які закладваецца ў зямлю, пад ваду і інш. Неўзабаве загрымелі выбухі на чыгунцы, запалалі паліцэйскія ўчасткі, пачалі падрывацца на мінах нямецкія машыны. Асіпенка. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ.

2. Снарад для стральбы з мінамёта. Праз хвіліну мінамёт пачаў сыпаць міны на мірныя хаты. Шамякін.

3. Тое, што і тарпеда.

•••

Падлажыць міну гл. падлажыць.

[Фр. mine.]

мі́на 2, ‑ы, ж.

Выраз твару. Хлопцы пераглянуліся і зрабілі сур’ёзныя міны. Гартны. Кандрат так перадражніў Данькаву інтанацыю і міну, што ўсе зарагаталі. Караткевіч.

•••

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Рабіць (строіць) міну гл. рабіць.

[Фр. mine.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)