і́канне 2, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ікаць 2.
і́каўка, ‑і, ДМ ікаўцы, ж.
Разм. Міжвольныя ўдыхальныя рухі, якія выклікаюцца сутаргавым скарачэннем дыяфрагмы, а таксама адрывістыя гукі, якія суправаджаюць гэтыя рухі. Сыр стаў у горле, і Гарбача пачала мучыць ікаўка. Мурашка.
і́кацца, ‑аецца; безас. незак.
Пра міжвольную ікаўку. [Юзік:] А пакінь ты ўжо пра Шуру. Ёй так недзе моцна ікаецца. Крапіва.
і́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Міжвольна ўтвараць адрывістыя гукі, якія выклікаюцца сутаргавым скарачэннем дыяфрагмы. [Лёнік], відаць, добра перакусіў, аж ікае, страсае са штаноў шалупінне. Быкаў.
і́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Спец. Вымаўляць у пераднаціскных складах замест гукаў «е» і «я» гук «і».
ікла́сты, ‑ая, ‑ае.
З вялікімі ікламі. Дзік напружыўся, разявіў ікласты рот і гатоў быў вось-вось рынуцца ўперад на яго, Вайцеха. Пташнікаў. Некаторыя з маржоў клалі свае ікластыя морды на суседзяў, каб зручней было адпачываць. Бяганская.
ікла́ты, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і ікласты. Без тапароў, без піл іклатых — Навошта дошкі і цвікі! — Надзейны дом сабе лапатай Майструем мы, франтавікі. Прануза.
і́кнуцца, ‑нецца; безас. зак.
Аднакр. да ікацца. Лёгка ікнулася.
і́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да ікаць.
іко́л, ікла́; мн. і́клы (з ліч. 2, 3, 4 іклы́), і́клаў; м.
1. Зуб, які знаходзіцца паміж разцамі і перадкарэннымі зубамі (у чалавека і млекакормячых).
2. Зуб вялікіх памераў, які выступае з рота і служыць для нападу і абароны (у слана, кабана і іншых жывёл). Вепр, відаць, немалады, бо такую форму іклаў самцы дзікай свінні набываюць толькі на шостым-сёмым годзе жыцця. В. Вольскі.