Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нава́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад наважыць ​1.

нава́жвацца 1, ‑аецца; незак.

Зал. да наважваць ​1.

нава́жвацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да наважыцца.

нава́жваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наважыць ​1.

нава́жваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наважыць ​2.

наважда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Многа паваждацца. Наваждаўся са справаздачай.

нава́жыцца, ‑важуся, ‑важышся, ‑важыцца; зак., з інф.

Намерыцца нешта зрабіць. Камендант наважыўся ўласнаручна адабраць сцягі і стаў праціскацца праз натоўп. Пестрак. Усе бачаць, як бусел наважыўся быў ужо сесці на гняздо, але раптам узляцеў угору і доўга лятаў. Лынькоў. // Рашыцца, адважыцца на што‑н. Карызна прыехаў з пэўным рашучым намерам: ён наважыўся, нарэшце, пагаварыць начыста з Рачкоўскім, адкрыць яму ўсе свае сумненні. Зарэцкі. Цымончык перасунуў трохі ногі, адклаў убок беражліва шапку, .. але казаць не наважыўся. Шынклер.

нава́жыць 1, ‑важу, ‑важыш, ‑важыць; зак., чаго.

Узважваючы, нарыхтаваць у якой‑н. колькасці. Наважыць цукру для расфасоўкі.

нава́жыць 2, ‑важу, ‑важыш, ‑важыць; зак., з інф.

Намерыцца што‑н. рабіць або зрабіць. [Паходня] наважыў прасіць, каб яму адтэрмінавалі залікі за першы курс партыйнай школы. Хадкевіч. Малады інжынер наважыў арганізаваць догляд тэхнікі па-новаму. Кухараў. // Рашыць, вырашыць. Вятроў адразу наважыў не страляць: трэба было берагчы патроны. Лупсякоў. Нарэшце .. [Люба] наважыла кінуць работу ў клубе і заняцца толькі хатняю справай. Асіпенка.

навазі́цца, ‑важуся, ‑возішся, ‑возіцца; зак.

Разм.

1. Тое, што і навазіць (у 1 знач.). [Насця:] — Прасіла ж цябе прывезці смалякоў. У людзей дрывотні завалены карчамі, а ў нас ні трэскі.. [Цімох:] — Хіба табе навозішся?.. Цягаеш, цягаеш, і ўсё як у прорву... Навуменка.

2. Уволю наездзіцца, накатацца.

навазі́ць, ‑важу, ‑возіш, ‑возіць; зак.

1. што і чаго. Прывезці за некалькі прыёмаў вялікую колькасць чаго‑н. Склеп у хаце лішні, каб навазіць пяску, яго можна было б і засыпаць... Пташнікаў.

2. каго. Уволю павазіць, пакатаць.

навакаі́н, ‑у, м.

Хімічны прэпарат, які ўжываецца для мясцовага абязбольвання і для лячэння некаторых захворванняў.

[Ад лац. novus — новы і (ка)каін.]

навакаі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да навакаіну, з прымессю навакаіну.