Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Стаць непрыгодным, разбурыцца, разваліцца на часткі. — А людзі кажуць так: раскідаецца печ зімою — тое самае, што абрадзініцца жонка ў жніва. Колас. [Сабастыян:] — Раскідаліся жорны, хоць ты што хочаш. А заўтра чуць свет трэба будзе вобмешкі ўмалоць. Чорны. // перан. Разладзіцца, расстроіцца; распасціся. Вяселле раскідалася. □ Кампазітар Сэлецкі браўся напісаць музыку, спыніліся на драматычнай старонцы гісторыі — Мазепе. Але справа раскідалася. Клышка.

2. Размясціцца на вялікай прасторы, далёка адзін ад аднаго. Нізенькія кусцікі.. уперамежку з ядлоўцамі кучкамі раскідаліся па балоце. Колас. // Разм. Раз’ехацца, разысціся, перастаўшы быць разам. Раскідаліся Шэметы па свеце: Мацвей у Некрашах, у калгасе, Лукаш у Мінску, у аспірантуры. Лобан.

3. Раскінуць рукі, ногі (у сне). Алёшка павярнуўся, раскідаўся, спаўзла коўдрачка. Гурскі.

4. Разм. Стаць непрыгодным, немагчымым для язды (пра дарогу напрадвесні і ранняй вясной). — Раскідаецца дарога, тады ні ў санях, ні ў калёсах нікуды не дабярэшся. С. Александровіч.

5. Разм. Захапіцца кіданнем чаго‑н.

6. Разм. Нарадзіць дзіця. І толькі тады ў галаву мне цюкнула: жонка ж мая цяжарная, не сёння — заўтра раскідацца павінна. Сачанка.

7. Заняцца адначасова многімі справамі, не засяроджваючыся ні на чым. [Алесь:] — Мяркую за паўтара года падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты. — Ну, а потым? — Потым, мяркую, філасофію, натуральныя навукі. — Не баіцеся раскідацца? Караткевіч.

раскіда́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да раскі́дацца.

2. Разм. Не цэнячы чаго‑н., дарэмна траціць, не імкнуцца ўтрымаць што‑н. пры сабе; раскідвацца. — Не з беднага краю, — паглядзела на.. [Зіну] Таня. — Дзесяткамі раскідаешся. Мыслівец. Пасада першага сакратара ЦК камсамола Беларусі не давала магчымасці [Платону Галавачу] надта раскідацца часам. Скрыган. — Цяпер вельмі разбірацца і раскідацца няма кім. Усё лепей, чым нікога... Васілевіч.

раскі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Кідаючы, размясціць у розных месцах па паверхні. Раскідаць гной. □ — Я некалі не паверыў, што Талаш раскідаў пяцёх легіянераў, вырваўся ад іх і ўцёк. Лужанін. І вецер, надзьмуўшы, як ветразь, шторы, Праз фортку ўварваўся, раскідаў лісты... Гілевіч. // Пакласці ў беспарадку, не на месца. Абуўся дзядзька, штось шукае І раптам голасна пытае: — А во! хто ж кнігі так раскідаў?! Колас.

2. звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр. Размясціць на адлегласці адзін ад аднаго. Да вайны вакол вёсак было раскідана яшчэ некалькі меншых хутароў. Залескі. На гэтых бяскрайніх абшарах балот, як астраўкі ў акіяне, былі раскіданы прыгожыя, асабліва ўлетку, выспы. Шчарбатаў. // Прымусіць разысціся, раз’ехацца ў розных напрамках; размясціць у розных месцах. Усіх падсудных раскідала, каго куды, па ўсіх астрогах Польшчы. Машара. / у безас. ужыв. Цвіў сіні бэз, была вясна. І па палях праходзіў квецень, Калі ўсхадзілася вайна. І нас раскідала па свеце. Астрэйка.

3. Разбурыць, разваліць. Першымі часамі пасля рэвалюцыі [Банадысь] .. раскідаў старую цесную хату і на яе месцы паставіў дом. Чорны. // перан. Разладзіць, расстроіць, прымусіць распасціся. У Таццяны Восіпаўны была надзея, што, скончыўшы школу, Марылька паможа даць адукацыю Янюце і Сашы, але яе ранні замуж раскідаў гэтыя планы. «Полымя». [Анэта:] — Цераз гэты гандаль і тады сям’ю раскідаў і цяпер моцнай не зробіш! Чорны.

4. Дарэмна патраціць. — Не просіць нічога [сястра], а я ведаю: трэба памагчы. А я ўсе грошы раскідала на дробязі. Савіцкі. «І чужога не вазьму, і свайго не раскідаю» — такое цётчына правіла. Лось.

5. Праараць уроскідку. [Яўген] раскідаў запар дзве палосы: сваю і Анісеву. Баранавых.

раскіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да раскі́даць.

раскі́двальнік, ‑а, м.

1. Той, хто займаецца раскідваннем чаго‑н. Раскідвальнік сена.

2. Прыстасаванне для раскідвання чаго‑н. Механічны раскідвальнік угнаенняў.

раскі́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскідваць — раскі́даць.

раскі́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раскі́дацца.

2. Не цэнячы чаго‑н., дарэмна траціць, не імкнуцца ўтрымаць што‑н. пры сабе; раскідацца. Раскідвацца грашыма. □ Хто яго [Хадкевіча] пусціць куды... такімі работнікамі не могуць раскідвацца. Васілевіч.

раскі́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскі́даць.

раскі́дзісты, ‑ая, ‑ае.

1. Шырока раскінуты ў бакі. Сядзібу .. [Казачэнкі] аздабляе старая бяроза з раскідзістым, як шацёр, голлем. Навуменка. Грозна схіліўшы свае раскідзістыя рогі, .. [алень] з сілай ударыў імі аб зямлю і кінуўся да ворагаў. В. Вольскі. // З шырока раскінутымі галінамі (пра дрэва, куст). Цьмяна чарнелі паблізу абрысы дрэў, высокіх, вастраверхіх, і нізкіх, раскідзістых, якія ціха, але неспакойна шумелі. Мележ.

2. Раскінуты, размешчаны на вялікай прасторы. Мястэчка відаць адсюль як на далоні, — вялікае, раскідзістае, яно цягнецца праз усю раўніну ад лесу да лесу. Навуменка.

раскі́длівасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць раскідлівага; неашчаднасць, неэканомнасць.

раскі́длівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Неашчадны, неэканомны. Раскідлівая гаспадыня.

раскідны́, ‑ая, ‑ое.

1. Такі, які можна раскінуць, раскласці; раскладны. Раскідное крэсла.

2. Спец. Прызначаны для раскідання чаго‑н. Раскідная сеялка.

3. Спец. Які робіцца шляхам раскідання, рассейвання. Раскідная сяўба. Раскідное ўнясенне ўгнаенняў.