раскі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Стаць непрыгодным, разбурыцца, разваліцца на часткі. — А людзі кажуць так: раскідаецца печ зімою — тое самае, што абрадзініцца жонка ў жніва. Колас. [Сабастыян:] — Раскідаліся жорны, хоць ты што хочаш. А заўтра чуць свет трэба будзе вобмешкі ўмалоць. Чорны. // перан. Разладзіцца, расстроіцца; распасціся. Вяселле раскідалася. ▪ Кампазітар Сэлецкі браўся напісаць музыку, спыніліся на драматычнай старонцы гісторыі — Мазепе. Але справа раскідалася. Клышка.

2. Размясціцца на вялікай прасторы, далёка адзін ад аднаго. Нізенькія кусцікі.. уперамежку з ядлоўцамі кучкамі раскідаліся па балоце. Колас. // Разм. Раз’ехацца, разысціся, перастаўшы быць разам. Раскідаліся Шэметы па свеце: Мацвей у Некрашах, у калгасе, Лукаш у Мінску, у аспірантуры. Лобан.

3. Раскінуць рукі, ногі (у сне). Алёшка павярнуўся, раскідаўся, спаўзла коўдрачка. Гурскі.

4. Разм. Стаць непрыгодным, немагчымым для язды (пра дарогу напрадвесні і ранняй вясной). — Раскідаецца дарога, тады ні ў санях, ні ў калёсах нікуды не дабярэшся. С. Александровіч.

5. Разм. Захапіцца кіданнем чаго‑н.

6. Разм. Нарадзіць дзіця. І толькі тады ў галаву мне цюкнула: жонка ж мая цяжарная, не сёння — заўтра раскідацца павінна. Сачанка.

7. Заняцца адначасова многімі справамі, не засяроджваючыся ні на чым. [Алесь:] — Мяркую за паўтара года падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты. — Ну, а потым? — Потым, мяркую, філасофію, натуральныя навукі. — Не баіцеся раскідацца? Караткевіч.

раскіда́цца,а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да раскі́дацца.

2. Разм. Не цэнячы чаго‑н., дарэмна траціць, не імкнуцца ўтрымаць што‑н. пры сабе; раскідвацца. — Не з беднага краю, — паглядзела на.. [Зіну] Таня. — Дзесяткамі раскідаешся. Мыслівец. Пасада першага сакратара ЦК камсамола Беларусі не давала магчымасці [Платону Галавачу] надта раскідацца часам. Скрыган. — Цяпер вельмі разбірацца і раскідацца няма кім. Усё лепей, чым нікога... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)