трансцэндэ́нтны, ‑ая, ‑ае.
1. У ідэалістычнай філасофіі — недаступны чалавечаму пазнанню, недасягальны для чалавечага розуму.
2. Спец. Які не можа быць вылічаны пры дапамозе алгебры або быць выражаны алгебраічна. Трансцэндэнтная функцыя. // Які вывучае падобныя велічыні, паняцці. Трансцэндэнтная матэматыка.
[Ад лац. transcendens, transcendentis — які выходзіць за межы.]
тра́нты, ‑аў; адз. няма.
Разм.
1. Лахманы; старая падраная адзежа, бялізна. [Марына:] — Былі б грошы, узяла б у Сомавай крэпжаржэтавы адрэз.. Даведаецца Андрэй, злаваць будзе. Ну і няхай злуе, не хадзіць жа мне ў старых трантах. Шахавец. [Іваноў:] — Адзін наш хлопец у трантах ходзіць, а зіма на дварэ. Новікаў. Калі той, хто назваўся шафёрам, скінуў з сябе абледзянелыя транты, перад позіркам паўстаў страшэнна схуднелы, змізарнелы чалавек. Навуменка.
2. Зневаж. Жаночыя ўборы. [Верхаводка да Дар’і:] Транты твае прадаваць пачну. Назапасіла, дзякуй богу, што хоць універмаг адкрывай. Губарэвіч. [Карніцкі:] — Няхай бы яна [Паліна] лепш патраціла свае грошы на кнігі, а не на мяшчанскія транты. Паслядовіч.
траншэекапа́льнік, ‑а, м.
Машына, якая прымяняецца для капання траншэй.
траншэ́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да траншэі. Траншэйны ход. Траншэйны роў. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе траншэй, у траншэях. Траншэйная абарона. Траншэйны спосаб вырошчвання гародніны. // Прызначаны для капання траншэі. Траншэйны экскаватар.
траншэ́я, ‑і, ж.
1. Вузкі, глыбокі роў з брустверам, які злучае ў адну лінію ўсе агнявыя пункты абароны. І толькі я падышоў да берага, як з траншэі, якую калісьці выкапалі ўздоўж рэчкі мае салдаты, падняліся два хлопчыкі. Хомчанка. // Вузкі роў для хавання ад асколкаў снарадаў і бомбаў.
2. Доўгі роў, канава і пад., якія служаць для ўкладкі, захоўвання або вырошчвання чаго‑н. Траншэя для кабеля. □ Пры запаўненні траншэй будзе дабаўляцца мякіна, здробненая салома і іншыя кампаненты з такім разлікам, каб атрымаць корм высокай якасці. «Звязда».
3. Спец. Адкрытая горная вырабатка.
[Фр. tranchée.]
трап 1, ‑а, м.
1. Лесвіца на караблі. Вяровачны трап. Трап у машыннае аддзяленне карабля. // Прыстасаванне для ўзыходжання на борт карабля і спуску з яго. Прыгожы пасажырскі электраход стаяў ля прыстані, і па трапах на палубу спяшаліся пасажыры. Лупсякоў. Цяжка дыхаючы, .. [Мая] ўзнялася па трапу на палубу, падышла да збянтэжанага Сцяпана і з усмешкай падала яму мокры пакарабачаны капялюш. Дуброўскі. // Прыстаўная лесвіца для пасадкі ў самалёт і выхаду з яго. Апошні ўзмах прапелера, і да самалёта падаецца трап, па якім гуськом спускаюцца пасажыры і накіроўваюцца ў аэрапорт. Філімонаў.
2. Спецыяльная лесвіца (разнастайнай выгляду і прызначэння). Гімнастычны трап. Трапы будаўнічых рыштаванняў.
[Гал. trap.]
трап 2, ‑а, м.
Спец.
1. Адтуліна ў падлозе для сцёку вады і спуску яе ў каналізацыю. Лазневыя трапы.
2. Апарат для аддзялення нафты ад газу, якія здабываюцца з свідравіны.
[Англ. trap.]
трапа́к, ‑а, м.
1. Рускі народны танец у хуткім тэмпе з моцным прытупваннем, а таксама музыка да гэтага танца. [Захар Зынга] іграў, пасля перадаў гармон[ь] другому, а сам узяўся ў бокі і пачаў скакаць трапака. Чорны.
2. Музычны твор, напісаны ў форме гэтага танца. Трапак Чайкоўскага. Трапак Рубінштэйна.
трапа́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для трапання валакна; які служыць для трапання. Трапальная машына.
трапа́льня, ‑і, ж.
Памяшканне, цэх для трапання валакна.
трапа́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, заняты трапаннем валакна.