до́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад даіць.
дож, ‑а, м.
Тытул правіцеля Венецыянскай і Генуэзскай рэспублік да канца 18 ст. // Асоба, якая мела гэты тытул. Палац дожаў.
[Іт. doge.]
дождж, дажджу, м.
1. Атмасферныя асадкі ў выглядзе капель вады, якія падаюць з хмар. Асенні дождж. Праліўны дождж. □ З самага рання.. ішоў дождж перагонамі. Чорны. У паветры была страшэнная духата — нібыта збіралася на дождж. Чарот. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Раніцай прайшоў спорны дождж, дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.
2. перан.; які або чаго. Мноства, вялікая колькасць чаго‑н., што падае, сыплецца. Метэарытны дождж. □ З абодвух бакоў няспынна грукатала зенітная артылерыя, на зямлю сыпаўся жалезны дождж асколкаў. Дудо.
3. у знач. прысл. дажджо́м. У дождж, у дажджлівае надвор’е. Хто дажджом косіць, той пагодай сушыць. Прыказка.
4. у знач. прысл. дажджо́м. Падобна дажджу; у мностве. Іскры сыпаліся дажджом.
•••
Зорны дождж — вялікае падзенне метэораў; зарапад.
Сляпы (цыганскі) дождж — дождж, які ідзе пры сонцы.
Залаты дождж — вялікія грошы, прыбыткі.
Як грыбоў пасля дажджу гл. грыб.
до́жджык, ‑у, м.
Разм. Памянш. да дождж (у 1 знач.); дробны невялікі дождж. Густы дробны дожджык цыркае зверху, цягнецца золкай павуцінай. Бядуля.
до́за, ‑ы, ж.
Порцыя лякарства, прызначаная на адзін прыём. Сцяпан хутка ўліў у знясіленае цела дзіцяці дозу камф[о]ры. Шамякін. // Колькасць рэчыва, якое ўносіцца ў што‑н., уваходзіць у састаў якой‑н. сумесі. Палікарпаўна.. настойліва параіла звяну зменшыць дозу азоту. Кулакоўскі. // перан. Некаторая колькасць чаго‑н. Сама справа была з вялікай дозай прыгодніцтва. Чорны. Гаўляйтэр не разумее.. сэнсу гэтых слоў, прасякнутых добрай дозай іроніі і нават яўнай знявагі. Лынькоў.
[Грэч. dosis.]
до́йка, ‑і, ДМ дойцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. даіць.
до́йлід, ‑а, М ‑дзе, м.
Спецыяліст у галіне дойлідства; архітэктар. Шчодрая думка беларускіх дойлідаў рассыпала па нашай зямлі шматлікія помнікі багатай культуры, якія сваёю мастацкаю вартасцю і нацыянальным характарам архітэктуры стаяць у шэрагу лепшых гістарычных помнікаў свету. «Полымя».
до́йлідны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дойлідства.
до́йлідства, ‑а, н.
Тое, што і архітэктура. Маглі б мы палюбавацца і выдатным помнікам старажытнага дойлідства — велічным замкам у Міры, пабудаваным у XVI стагоддзі. В. Вольскі. Рыльскі манастыр — выдатны помнік балгарскага дойлідства і жывапісу. «Маладосць».
до́йна, ‑ы, ж.
Народная лірычная песня румын і малдаван. Мне зноў на сэрцы неспакойна, яно да вас ляціць, сябры, ледзь толькі я пачую дойну, што вы спявалі на Днястры. А. Вольскі.
[Рум. doină.]