Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

двухкаляро́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і двухколерны.

двухкампле́ктны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з двух камплектаў. Двухкамплектная школа.

двухкапе́ечны, ‑ая, ‑ае.

1. Вартасцю ў дзве капейкі. Двухкапеечная манета.

2. Коштам у дзве капейкі. Невялікая двухкапеечная царкоўная свечачка цьмяна асвятляла прыхожую. Колас.

двухкватэ́рны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з дзвюх кватэр. Двухкватэрны драўляны домік, у якім жыла сям’я Кудзіных і куды спяшалася Марынка, стаяў на рагу далёкіх ад цэнтра ціхіх вулак. Хадкевіч.

двухкіламетро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Працягласцю ў два кіламетры. Партызаны займалі двухкіламетровую паласу ўздоўж Дняпра. Шамякін.

2. Маштабам два кіламетры ў сантыметры. Двухкіламетровая карта.

двухкла́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае два класы, складаецца з двух класаў. Двухкласнае вучылішча ў царскай Расіі.

двухко́лавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і двухколы.

двухко́лерны, ‑ая, ‑ае.

Які мае два розныя колеры ў афарбоўцы ці складаецца з дзвюх частак рознага колеру. Двухколерны флаг.

двухко́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Двухколая павозка; буда (у 2 знач.). З дарогі з-за кустоў прыязджалі двухколкі, і тады санітары здымалі з іх параненых і клалі на зямлю. Галавач.

двухко́лы, ‑ая, ‑ае.

На двух колах. Двухколая каляска.