Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскаве́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскавяліць.

ра́скавыя, ‑ых.

Сямейства аднадольных дробных раслін, якія жывуць у вадзе.

раскавялі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Разм. Рассячы, разваліць, глыбока параніць. Раскавяліць калена. Раскавяліць нагу тапаром.

раскадзі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Спец. Расшыфраваць паведамленне, перададзенае кодам. Раскадзіраваць радыёграму.

раска́з, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расказаць; славеснае паведамленне пра якія‑н. падзеі. Не апошнюю ролю ў .. мабілізацыі васьмі [сялян] адыграў дзедаў расказ аб раззбраенні польскага канвою. Колас. Рыбак стары сядзіць на пні І казачны расказ вядзе... Аб тым, што на сваім жыцці Русалак бачыў ён не раз. І што, гайсаючы ў трысці, Аднойчы тут сам чорт заграз. Смагаровіч.

раска́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расказаць.

расказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што, аб чым, пра каго, што, з дадан. сказам і без дап.

Вусна апісаць, паведаміць пра якія‑н. падзеі (што‑н. бачанае, чутае і пад.). [Дзед Талаш] раскажа камандзіру і пра свой план нападу — гэты план смелы і просты і страты ў людзях не будзе. Колас. [Настаўніца:] — Ну, раскажы мне, Данік, як ты цяпер вучышся? За што двойку атрымаў? Брыль. // Пераказаць прачытанае або пачутае. Расказаць казку. □ [Андрушка:] — А хочаш — я табе кніжку раскажу? Вох, цікавая! Лобан. // Разм. Прачытаць напамяць. Расказаць верш. Расказаць урывак з аповесці.

раска́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расказваць — расказаць.

раска́звацца, ‑аецца; незак.

1. Паведамляцца, вусна апісвацца. Шмат каго з тых людзей, аб якіх расказваецца [у кнізе], ужо няма на свеце. Колас.

2. Зал. да расказваць.

раска́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да расказаць.

2. перан. Сведчыць пра што‑н., выяўляць што‑н. Ёсць [у Славы] крыху экспанатаў, якія расказваюць пра барацьбу за Савецкую ўладу і калектывізацыю. Жычка.