шанц, ‑у, м.
Разм. Тое, што і шанс. Франтавое чуццё, праверанае ў многіх начных баях, падказвала — трэба паспрабаваць пайсці на рызыку! Нават такіх шанцаў заўтра не будзе. Мележ. — Старому хочацца ўхапіць свой апошні шанц, знайсці нешта незвычайнае перад вяртаннем, — не сунімаўся Ронг Гай. Шыцік.
шанцава́нне, ‑я, н.
Удача, шчаслівы збег акалічнасцей.
шанцава́ць, ‑цуе; безас. незак.
Пра ўдачу ў чым‑н. Ёсць людзі, якім шанцуе ў жыцці. Савіцкі. Шанцавала Данілу Сямёнавічу на паляванні. Аношкін.
ша́нцавы, ‑ая, ‑ае.
У ваеннай справе — які служыць для акопвання, для будовы акопаў, траншэй і пад. Шанцавая кірка.
•••
Шанцавы інструмент гл. інструмент.
шапава́л, ‑а, м.
Уст. Майстар, які вырабляе валеннем шэрсці капелюшы і іншыя рэчы. Адсюль, сталіца шапавалаў — Дрыбін, За небасхіл бягуць мае сляды. Гаўрусёў. // Рабочы, які працуе на шапавальнай машыне.
шапава́льны, ‑ая, ‑ае.
Уст.
1. Які мае адносіны да шапавала.
2. Звязаны з апрацоўкай шэрсці шляхам узбівання, разрыхлення яе асобым інструментам або машынай; прызначаны для такой апрацоўкі. Шапавальны смычок. Шапавальны промысел. Шапавальная машына.
шапава́льня, ‑і, ж.
Уст. Майстэрня або памяшканне, дзе апрацоўваюць, валяць шэрсць, а таксама вырабляюць з яе валеныя рэчы.
шапарну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Абл. Шапнуць. Потым .. [жанчыны] хітравата пераміргнуліся, нешта шапарнулі адна адной, і смуглявая пайшла ў дальні кут, дзе на прапыленай паліцы ляжала з дзесятак вагонаў. Лынькоў. Рачкоўскі выбраў зручны момант і неўзаметку ад усіх шапарнуў.. [Карызну]: — У мяне будзеш абедаць... Зарэцкі.
шапата́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шапатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Пасля кожнага ўзмаху вясла кружацца віркі.. з ціхім, залівістым шапатаннем. Колас.
шапата́ць, ‑пачу, ‑почаш, ‑поча; незак.
Разм. Тое, што і шапацець. У наваколлі панаваў тады толькі бясконцы гоман дажджу, што лапатаў па дахах дамоў,.. шапатаў у кронах дрэў і цурчэў. Карпаў.