Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блясна́, ‑ы, мн. блёсны, ‑сен; ж.

Прынада для рыбы ў выглядзе бліскучай металічнай бляшкі. Узмах — і плёснулася недзе на сярэдзіне блясна; парушыўшы спакойную гладзь вады, разышліся зыбкія кругі. Шамякін. Над вялікай вадою неўзабаве пачуўся шматабяцаючы посвіст шнура і асцярожны ўсплёск блясны. Брыль.

блясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што і без дап.

Лавіць рыбу на блясну.

бля́ха, ‑і, ДМ блясе, ж.

1. Тонкае ліставое жалеза; ліст такога жалеза. Дом пад бляхай. Ацынкаваная бляха.

2. Знак у выглядзе металічнай пласцінкі з надпісам або нумарам, які сведчыць аб службовых абавязках таго, хто яго носіць. Погляд Валодзі слізгануў уніз і ўпёрся ў вялікую бляху, якая блішчала на грудзях чалавека, што трымаў яго. Пятніцкі.

3. Тонкі ліст жалеза з загнутымі краямі, на якім пякуць або смажаць што‑н. Разам з.. [Саламонам] жылі накаленыя печы, мяшкі з мукою, груды цеста і рознага гатунку печыва на бляхах. Бядуля.

бляха́р, ‑а, м.

Майстар, які вырабляе рэчы з бляхі. // Той, хто крые бляхаю дах.

бляха́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бляхара; звязаны з вырабам рэчаў з бляхі. Бляхарная майстэрня.

бляха́рня, ‑і, ж.

Бляхарная майстэрня.

бляша́начны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бляшанкі.

бляша́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Бляшаная банка. Санітары прынеслі параненым вячэру: бляшанку кансерваў на дваіх, галеты і чай. Гурскі. Бляшанка была ад патронаў, доўгенькая, на дзве добрыя пядзі. Пташнікаў.

бляша́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бляхі; зроблены з бляхі. Вецер ўрываўся ў бляшаны комін печкі, выдзьмухваў з яе попел, гаручыя іскры. Лынькоў.

бля́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Кавалачак бляхі (у 1 знач.).

2. Памянш. да бляха (у 2 знач.). З шапкі былі ўжо сарваны ўсе тыя бляшкі, якія раней паказвалі, да войска якой дзяржавы гэты салдат належаў. Чорны.