Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзяля́га, ‑і, м.

Разм. неадабр. Той, хто ў сваёй працы кіруецца вузка практычнымі меркаваннямі, забываючыся на прынцыповы бок справы.

дзяля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Участак лесу, адведзены пад высечку або ўжо высечаны. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку, якую адвялі калгасу. Ермаловіч. — Такія елкі, як на плошчы, прывозяць з дзялянак, дзе сякуць лес, а не абы-адкуль. Хадкевіч.

2. Участак зямлі, адведзены для якой‑н. мэты (апрацоўкі, забудовы і пад.). Усе пайшлі аглядаць доследныя дзялянкі, якія былі тут жа, за палацам. Дуброўскі. Дзяўчынка адводзіць сваёй казе раскошную дзялянку: метраў дваццаць ва ўсе бакі ад убітага ў зямлю коліка. Кулакоўскі.

3. Абл. Кавалак чаго‑н. Бабіцкая разгарнула скрутак: там была круглая буханка жытняга хлеба і дзялянка сала. Гурскі. // Частка, доля ад чаго‑н. (пры дзяльбе). Актыўны гуманізм рыбакоў праявіўся ў аднадушным рашэнні даваць дзялянку з кожнага ўлову ўдаве Прахора і старому Сымону. У. Калеснік.

дзяля́цкі, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на дзяляцтве. Дзяляцкі падыход да справы.

дзяля́цтва, ‑а, н.

Вузкі практыцызм, калі выпускаецца з-пад увагі прынцыповы бок справы.

дзянёк, ‑нька, м.

Ласк. і зніж. да дзень (у 1, 2 знач.). У першы святочны дзянёк выйшаў настаўнік на знаёмую яму сцежку, каля двух ветракоў, і пайшоў на чыгунку. Колас. «Ну, будзе дзянёк!» — заклапочана падумала.. [Таня], міжвольна прыслухоўваючыся да голасу бойкага юнака ў карычневай футболцы. Даніленка.

дзянні́к, дзенніка, м.

Накрытая загарадка, дзе трымаюць жывёлу ўдзень і ў добрае надвор’е. Шкадавалі карову, якая зусім нядаўна ляжала на дзённіку і ціхенька рыкала. Лось.

дзянні́ца, ‑ы, ж.

Ранняя зара, заранка. Яшчэ зорыцца неба над гаем, А ўжо цемру — заслону абшараў — Расхінае на ўсходзе дзянніца. Журба. Паўстае дзянніца з-за сяла, Шлях асвеціць чырванню і бляскам. Лявонны.

дзяншчы́к, дзеншчыка, м.

Салдат у царскай арміі, прыстаўлены да афіцэра ў якасці слугі. Падцягнуты дзяншчык выскачыў з сянец хаты і спрытна паднёс пану афіцэру фотаапарат. Лынькоў.

дзяра́ба, ‑ы, ж.

Птушка, разнавіднасць дразда.

дзярж...

Першая састаўная частка складных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «дзяржаўны», напрыклад: дзяржапарат, дзяржбанк, дзяржгандаль, дзяржплан, дзяржфонд.