Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ра́нены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раніць.

2. у знач. прым. Які мае рану ​1 (у 1 знач.), які атрымаў раненне. Ранены салдат. □ Праз два тыдні [Лук’янскі] павінен быў зноў узяць на раненае плячо вінтоўку. Чорны.

3. у знач. наз. ра́нены, ‑ага, м.; ра́неная, ‑ай, ж. Чалавек, які атрымаў раненне. Старэнькі хірург доўга мыў рукі і паверх акуляраў назіраў, як санітары ўкладвалі раненага на стол. Васілеўская. Урач яшчэ аперыраваў раненую. Мележ.

ра́ненька, прысл.

Вельмі рана. Раненька падымаецца Агатка, часамі раней за сваю мачыху. Колас.

ране́т, ‑у. М ‑неце, м.

1. Сорт каштоўнай паўднёвай яблыні, на якой растуць кіславатыя яблыкі. Няма раўні маім ранетам, Па дрэўцу іх садзіў штогод. Астрэйка.

2. Плод гэтай яблыні. Стомлены вяртацца будзеш летам Па дарозе той, — Асвяжыш душу сваю ранетам, Бэрай залатой. Панчанка. Паўз вокны аўтобуса адплывалі назад купчастыя сады з налітымі сокам ранетамі. Даніленка.

[Фр. rainette.]

ране́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сорт драбнаплоднай сібірскай яблыні.

2. Плод гэтай яблыні.

ра́нец, ‑нца, м.

Паходная вайсковая або вучнёўская сумка, якую носяць на лямках за спіной. [Сцёпа] наўмысна доўга тупаў ля парога каванымі абцасамі, быццам абіваючы снег. Потым з размаху кідаў праз увесь клас на сваю парту ранец з кніжкамі. Курто. [Адась Гушка] дастае з ранца пачак газет і раскідае па акопе. Чорны.

[Ням. Ranzen.]

ранжы́р, ‑у, м.

1. Парадак людзей у страі па росту. На стрэльбішча ідзем строем, па ранжыру. Жычка. Падышоўшы да бацькавага двара, я ўгледзеў, як бы выстраеных па ранжыру, мачыху, Насцечку, Алеся і меншых хлопцаў. Сабаленка.

2. перан. Пэўны парадак у чым‑н. [Міхал:] — Усё пад службовы ранжыр выраўнена. За прапорцыямі не пазнаеш і сам сябе. Карпаў.

•••

Пад адзін ранжыр — залічыць у адну катэгорыю, паставіць у аднолькавае становішча.

Па ранжыру, пад ранжыр — у парадку значнасці, важнасці і пад.

[Ад фр. ranger — выстройвацца.]

рані́масць, ‑і, ж.

Уласцівасць ранімага.

рані́мы, ‑ая, ‑ае.

Якому лёгка прычыніць душэўны боль, пакуты; уражлівы. Гады і нягоды сагнулі старэчую спіну, але душа маці засталася простай, чулай, лёгка ранімай. Калеснік.

ра́ніца, ‑ы, ж.

Час сутак ад канца ночы да пачатку дня, першыя гадзіны дня. Сонечная раніца. Халодная раніца. □ — Хто там? — запытаў айцец Баніфацый. — Пусціце перабыць ноч да раніцы, — пачулася ў адказ. Чарнышэвіч. Вёска .. дыміла кожную раніцу дымком сваіх каміноў. Чорны.

•••

Добрай раніцы! — ранішняе прывітанне.

ра́ніцай і раніцо́й, прысл.

У ранішні час, ранішняй парою. Раніцай .. [Тварыцкага] пабудзіў гаспадар. Чорны. Раніцай .. [Алёшка] валокся з санкамі на станцыю і адтуль цягнуў да казармаў цяжкія чамаданы. Брыль. А раніцой, яшчэ сонца не ўзышло — было яшчэ цёмна, пабудзіў Павел Міколку. Лынькоў.