Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзягця́рства, ‑а, н.

Выганка дзёгцю. Займацца дзягцярствам.

дзя́дзечка, ‑і; Р мн. ‑чак; м.

Ласк. да дзядзька (звычайна пры звароце). — А, дзядзька! дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! Колас. — Вы, дзядзечка, шапку забыліся, наце! — Яму празвінеў галасок хлапчаняці. Арочка.

дзя́дзіна, ‑ы, ж.

Дзядзькава жонка. [Ліпачка] не любіла ні самога дзядзьку, ні дзядзіну, ні нават сваіх стрыечных братоў, асабліва Яся. Сабаленка.

дзядзі́нец, ‑нца, м.

1. Агароджаны пляц, двор пры якой‑н. вялікай пабудове (гаспадарчай, жылой і пад.). Месцам для сходу быў выбраны дзядзінец былой старыцкай царквы. Хадкевіч. За горкай панская пасада, Як у вяночку, каля саду У глыбі прасторнага дзядзінца Стаяла збоку ад гасцінца. Колас.

2. Тое, што і дзяцінец ​1. Галоўнай часткай [старажытнага горада] быў ўмацаваны цэнтр, так званы дзядзінец. Звычайна ён размяшчаўся на ўзвышаным месцы. Штыхаў.

дзя́дзька, ‑і, м.

1. Бацькаў або матчын брат; цётчын муж. Не вярнуўся дадому і татаў брат, дзядзька Пятрусь. Брыль.

2. Дарослы мужчына наогул; зварот да старэйшага ўзростам мужчыны. Тры дзяўчынкі, адна меншая за другую, туліліся да маці, з непасрэднай дзіцячай цікаўнасцю зыркаючы вочкамі на незнаёмых дзядзькоў. Дадзіёмаў. У калідоры стаялі Міколавы аднавяскоўцы — дзядзька Лявон і цётка Тэкля. Корбан.

дзя́дзькаў, ‑ава.

Які належыць дзядзьку. Дзядзькава хата. □ У школе Мікалай хадзіў у ваеннай, дзядзькавай гімнасцёрцы, падпяразаны шырокім салдацкім поясам. Мележ. Цэлыя гадзіны сядзеў .. [Якуб] каля Марціна, калі той кляпаў касу, і не прапускаў ніводнага дзядзькавага руху. Колас.

дзя́дзя, ‑і, м.

Дарослы мужчына (у мове дзяцей). Параўняліся і, чую, дзяўчынка кажа: «Мамка, глянь, які смешны ў дзядзі капялюш». Васілевіч.

дзядо́к, ‑дка, м.

Памянш.-ласк. да дзед ​1 (у 2 знач.). Рэдкія асобы засталіся пры хатах: дзе бабулька старая з дзіцём, дзе нядужы дзядок. Гартны. Коней вартуе цяпер нізенькі дзядок Арцём. Бядуля.

дзядо́ўнік, ‑у, м.

Каліўе, зараснік дзядоў ​2. Навокал буяла крапіва, рос дзядоўнік, лопух, цвіў мак-самасей. Сачанка.

дзядо́ўскі,

гл. дзедаўскі.