Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ра́міна, ‑ы, ж.

Вялікая, асобна ўзятая рама.

ра́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Невялікая рама (у 2 знач.). Партрэт жонкі Івана Ігнатавіча вісеў, нібы абраз, у чырвоным куце хаты, у рамцы пад шклом. Хомчанка. // Графічнае абрамленне тэксту, малюнка. Арнаментальная рамка. Жалобная рамка. // Пра тое, што з’яўляецца абрамленнем чаго‑н. Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч.

2. толькі мн. (ра́мкі, ‑мак); перан. Межы, у якіх павінна адбывацца, адбываецца што‑н. Жыццё ў ранейшых, дзедаўскіх, рамках здавалася цесным і сумным. Ракітны. Праўда, медыцынская практыка ва ўмовах партызанскага жыцця шмат чаму навучыла.. [Коўбеца], стала больш разнастайнай, выйшла з рамак ранейшай спецыяльнасці. М. Ткачоў. У рамках культурнай праграмы перад удзельнікамі свята выступілі творчыя калектывы, артысты і спартсмены. «Звязда».

3. Тое, што і рама (у 4 знач.). [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч.

4. Тэхнічнае прыстасаванне, знешне падобнае на невялікую раму (у 2 знач.). Прыцэльная рамка кулямёта.

•••

Выйсці за рамкі гл. выйсці.

Выйсці з рамак гл. выйсці.

ра́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рамы (у 1, 2 і 4 знач.). Рамны прэс. Рамнае шкло.

рамо́н, ‑у, м.

Тое, што і рамонак. Селі хлопцы на ўсходцах ганка, паспускалі босыя ногі на росную мураву, дробненькі рамон ды трыпутнік. Калюга.

рамо́нак, ‑нку і ‑нка, м.

1. ‑нку. Травяністая расліна сямейства складанакветных задзіночнымі кветкамі, у якіх пялёсткі звычайна белыя, а сярэдзіна жоўтая. Віктар крочыў з МТС вузкай сцяжынкай, зарослай пахучым рамонкам і лапушыстым трыпутнікам. Даніленка. А на зямлі, сярод рамонку і палыну, блішчалі дзве калісьці ўтаптаныя, як ток, лапіны. Мележ.

2. ‑нка. Кветка гэтай расліны. Іна сарвала, нахіліўшыся, рамонак і пачала сашчыкваць белыя пялёсткі. Ваданосаў.

3. ‑нку; толькі адз. Высушаныя кветкі аднаго з відаў гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як лячэбны сродак; лекавы настой на такіх кветках. Аптэчны рамонак.

рамо́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рамонку (рамонка), уласцівы яму. Рамонкавы ліст. □ А Люда ўсё не ідзе, і млын яшчэмаўчыць, не паўтарае імя дзяўчыны, неаб’яўляе, што хутка адчыняцца нізкія дзверы сенцаў і па роснай траве, у рамонкавымпаху, у ранішнім золаце сонца пройдзе яна. Брыль. // Пакрыты, парослы рамонкам. Рамонкавы луг. // Прыгатаваны або здабыты з кветак рамонку. Рамонкавы чай.

рамо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рамону, уласцівы яму. Раменны пах. // Прыгатаваны або здабыты з кветак рамону. Раменны чай.

рамо́нт 1, ‑у, М ‑нце, м.

Ліквідацыі пашкоджанняў, паломак. Рамонт абутку. Рамонт кватэры. □ Мікалай Буткавец — вядомы ў акрузе майстар па рамонту збруі — суткамі не разгінаўся над хамутамі і набадрамі. Курто. [Паравоз] пабегаў семдзесят тысяч кіламетраў і зараз па праву і па неабходнасці становіцца на .. рамонт. Лось.

[Фр. remonter.]

рамо́нт 2, ‑у, М ‑нце, м.

Спец.

1. Папаўненне табуна або статка маладняком.

2. Ліквідацыя зрэджанасці пасеваў, прысад насеннем, саджанцамі і пад. Рамонт вінаградніку.

[Фр. remonte.]

рамо́нтнік, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца рамонтам ​1. Слесар-рамонтнік. □ [Стрыжак:] — На ўсякі выпадак, ты на каго, хлопча, рыхтуешся — на рамонтніка ці на эксплуатацыйніка? Васілёнак.

рамо́нтны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рамонту ​1, прызначаны для рамонту ​1. Рамонтныя работы. Рамонтны завод. □ З Вербава .. [Чарняхоўскі] падаўся на чыгунку і стаў працаваць рамонтным рабочым. Мележ.

рамо́нтны 2, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да рамонту ​2. Рамонтны маладняк.