Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чарві́вы, ‑ая, ‑ае.

Паточаны чарвямі, з чарвямі ўнутры. Чарвівы яблык. Чарвівы грыб. □ Такі ж удалы гарох! Стручны, белы, чысты — ніводнага стручка чарвівага. Крапіва.

чарві́ць, ‑віць; незак.

Спец. Адкладваць яйцы, пладзіць чарву.

чарвябо́іна, ‑ы, ж., зб.

Яблычны апад, падточаны лічынкамі насякомых.

чарвябо́й, ‑ю, м.

Тое, што сапсавана лічынкамі насякомых.

чарвябо́йны, ‑ая, ‑ае.

Сапсаваны чарвямі. Чарвябойныя яблыкі. Чарвябойны лес.

чарвяво́дня, ‑і, ж.

Памяшканне для развядзення вусеняў тутавага шаўкапрада.

чарвя́к, ‑а; мн. чэрві, чарвей і чарвякі, ‑оў; м.

1. Беспазваночны жывёльны арганізм з доўгім мяккім целам, без канечнасцей і ярка выражанай галавы. Выходжу на луг, на Свіслач шыбую — Ды з вудамі, з хлебам, з чарвямі і босы. Колас. Сям-там відны былі аратыя, чорныя гракі хадзілі за імі, падбіраючы чар вякоў. Чарнышэвіч.

2. перан. Пра нікчэмнага, агіднага чалавека. [Насця:] — Дык гэта ты прадаў Андрэя? Чарвяк ты няшчасны! Погань ты! Шамякін.

3. перан.; чаго. Пра пачуццё або стан, які працяглы час турбуе, назаляе, падрывае маральныя сілы чалавека. Чарвяк цікаўнасці не даваў.. [жонцы] спакою. Дамашэвіч.

4. Спец. Зубчастае кола ў выглядзе шрубы.

•••

Дажджавы чарвяк — чырвоны земляны чарвяк.

Раснічныя чэрві — клас плоскіх чарвей з целам, пакрытым раснічкамі.

Шаўкавічны чарвяк — вусень тутавага шаўкапрада.

Замарыць чарвяка гл. замарыць.

Карміць чарвей гл. карміць.

Трапілася чарвяку на вяку гл. трапіцца.

Чарвяк есць (смокча) каго — пра душэўныя пакуты, сумненні, якія церпіць хто‑н.

чарвяко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да чарвяка (у 1 знач.).

чарвято́чына, ‑ы, ж.

1. Адтуліна, дзірка ў чым‑н., праедзеная чарвямі або лічынкамі. І расці шкадаванню ў душы Тых, хто быў да нячыстага падкі: У кашы не плады, у кашы — З чарвяточынай сохнуць ападкі. Маляўка. Сцены зрыты чарвяточынамі, падобнымі да арабскіх літар. Бядуля. // Месца ў чым‑н., сапсаванае, паточанае чарвямі. // Парахня на паточаным месцы. І праз колькі год пасыплецца на рассохлыя плінтусы, пад якімі заціснуты канцы пакарабачаных масніц, жоўтая чарвяточына. Чыгрынаў.

2. перан. Пра якія‑н. хібы, недахопы, заганы ў кім‑, чым‑н. «Подлая твая душа, — гнеўна абарваў яго другі [герой], — з чарвяточынай. Ты заўсёды толькі аб сабе і думаеш, табе напляваць на ўсіх і на ўсё, у цябе сумлення як кот наплакаў...» Хадкевіч.

чарвя́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Звязаны з выкарыстаннем чарвяка (у 4 знач.). Чарвячная перадала.