чарвято́чына, ‑ы, ж.
1. Адтуліна, дзірка ў чым‑н., праедзеная чарвямі або лічынкамі. І расці шкадаванню ў душы Тых, хто быў да нячыстага падкі: У кашы не плады, у кашы — З чарвяточынай сохнуць ападкі. Маляўка. Сцены зрыты чарвяточынамі, падобнымі да арабскіх літар. Бядуля. // Месца ў чым‑н., сапсаванае, паточанае чарвямі. // Парахня на паточаным месцы. І праз колькі год пасыплецца на рассохлыя плінтусы, пад якімі заціснуты канцы пакарабачаных масніц, жоўтая чарвяточына. Чыгрынаў.
2. перан. Пра якія‑н. хібы, недахопы, заганы ў кім‑, чым‑н. «Подлая твая душа, — гнеўна абарваў яго другі [герой], — з чарвяточынай. Ты заўсёды толькі аб сабе і думаеш, табе напляваць на ўсіх і на ўсё, у цябе сумлення як кот наплакаў...» Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)