чарвя́к, ‑а; мн. чэрві, чарвей і чарвякі, ‑оў; м.

1. Беспазваночны жывёльны арганізм з доўгім мяккім целам, без канечнасцей і ярка выражанай галавы. Выходжу на луг, на Свіслач шыбую — Ды з вудамі, з хлебам, з чарвямі і босы. Колас. Сям-там відны былі аратыя, чорныя гракі хадзілі за імі, падбіраючы чар вякоў. Чарнышэвіч.

2. перан. Пра нікчэмнага, агіднага чалавека. [Насця:] — Дык гэта ты прадаў Андрэя? Чарвяк ты няшчасны! Погань ты! Шамякін.

3. перан.; чаго. Пра пачуццё або стан, які працяглы час турбуе, назаляе, падрывае маральныя сілы чалавека. Чарвяк цікаўнасці не даваў.. [жонцы] спакою. Дамашэвіч.

4. Спец. Зубчастае кола ў выглядзе шрубы.

•••

Дажджавы чарвяк — чырвоны земляны чарвяк.

Раснічныя чэрві — клас плоскіх чарвей з целам, пакрытым раснічкамі.

Шаўкавічны чарвяк — вусень тутавага шаўкапрада.

Замарыць чарвяка гл. замарыць.

Карміць чарвей гл. карміць.

Трапілася чарвяку на вяку гл. трапіцца.

Чарвяк есць (смокча) каго — пра душэўныя пакуты, сумненні, якія церпіць хто‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)