Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

набуя́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

Разм. Буянячы, нарабіць чаго‑н. дрэннага.

набыва́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да набываць.

набыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да набыць ​1.

набы́так, ‑тку, м.

1. Маёмасць, уласнасць. Народны набытак. □ Стаяў Апенька заўсёды збоку, калі ішлі глядзець калгасны набытак — ішоў ззаду. Навуменка.

2. Тое, што набыта, прыдбана; скарб. Дзядзька Мікалай прыпісаў у заяве яшчэ, што здае калгасу разам з усім сваім набыткам і ваўначоску. Васілевіч. Матацыкл быў новым важным набыткам у Лясовіча. Хадкевіч. Раіса, доўга не думаючы, узяла выпатрабавала сваю старэйшую, яшчэ не замужнюю сястру Ларысу. І тая неўзабаве прыехала з усім сваім небагатым набыткам. Лобан.

3. Тое, што набыта ў выніку вучобы, жыццёвай і працоўнай практыкі. Дакляраваў .. [Ціт Апанасавіч] дапамагаць новай настаўніцы, перадаваць набыткі сваёй практыкі. Дубоўка. Выкарыстанне мастацкіх набыткаў вуснай народнай творчасці намнога ўскладняецца ў эпоху станаўлення і развіцця літаратуры крытычнага рэалізму. Чыгрын.

набы́тчык, ‑а, м.

Асоба, якая набывае, купляе што‑н.

набы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад набыць ​1.

набы́цца, ‑будуся, ‑будзешся, ‑будзецца; зак.

Разм.

1. Прабыць, пабыць дзе‑н. доўга. Набыцца ў лесе.

2. Пабыць доўгі час у якім‑н. стане. Народ беларускі! Ты ўзняўся героем, Даволі набыўся ў нядолі, бядзе. Броўка.

набыццё, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. набыць ​1 (у 1 знач.).

набы́ць 1, ‑бу́ду, ‑бу́дзеш, ‑бу́дзе; пр. набы́ў, ‑была́, ‑ло́; заг. набу́дзь; зак., каго-што.

1. Стаць, зрабіцца ўладальнікам чаго‑н. Набыць машыну. Набыць паліто. □ [Старшыня:] Летась паўтаратонку купілі, сёлета дзве жняяркі набылі, конную малатарню прыдбалі... Краўчанка. // Купіць. Крушынскі набыў цацку за дзесяць капеек і зайшоў у кнігарню. Бядуля. // Дастаць дзе‑н., раздабыць. Набыць пропуск. □ [Слаўка:] — Кожны, хто збіраецца ў атрад, павінен набыць цёплую вопратку. Новікаў.

2. Атрымаць, засвоіць. Набыць права. Набыць спецыяльнасць. □ Прафесію балетмайстра .. [Люлін] набыў адразу ж пасля вайны. Дадзіёмаў. [Лабановічу] хацелася пашырыць свой кругагляд, набыць тыя веды, якіх яму так бракавала. Колас.

3. Стаць, зрабіцца якім‑н. Пакой зноў набыў свой натуральны выгляд. Мурашка. Пакрысе гаворка набыла тую лёгкасць, калі не трэба шукаць слоў — усё неяк прыходзіць само сабой, толькі не перашкаджай. Гаўрылкін. Паветра набыло свінцова-сіняваты колер. Хомчанка.

4. Заслужыць, здабыць; атрымаць. Набыць вялікае значэнне. Набыць актуальнасць. □ За апошнія дзесяцігоддзі рэвалюцыйны працэс набыў сапраўды сусветны размах. «Звязда». За паўтара года кіравання атрадам «Сокал», які потым вырас у брыгаду, камбрыг набыў у вобласці слаўнае імя — «Грозны». Брыль.

5. Разм. Захварэць чым‑н. Набыць туберкулёз. Набыць язву.

набы́ць 2, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; пр. набыў, ‑была, ‑было; зак.

Разм. Тое, што і набыцца (у 1 знач.), толькі ўжываецца звычайна з адмоўем «не». [Наўмыснік:] — Я службовы чалавек быў калісьці: то па маёнтках за аратага быў, то раз у леснікі к пану ўбіўся, але доўга не набыў. Чорны.

набы́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да набычыцца.