набытак, ‑тку, м.
1. Маёмасць, уласнасць. Народны набытак. ▪ Стаяў Апенька заўсёды збоку, калі ішлі глядзець калгасны набытак — ішоў ззаду. Навуменка.
2. Тое, што набыта, прыдбана; скарб. Дзядзька Мікалай прыпісаў у заяве яшчэ, што здае калгасу разам з усім сваім набыткам і ваўначоску. Васілевіч. Матацыкл быў новым важным набыткам у Лясовіча. Хадкевіч. Раіса, доўга не думаючы, узяла выпатрабавала сваю старэйшую, яшчэ не замужнюю сястру Ларысу. І тая неўзабаве прыехала з усім сваім небагатым набыткам. Лобан.
3. Тое, што набыта ў выніку вучобы, жыццёвай і працоўнай практыкі. Дакляраваў .. [Ціт Апанасавіч] дапамагаць новай настаўніцы, перадаваць набыткі сваёй практыкі. Дубоўка. Выкарыстанне мастацкіх набыткаў вуснай народнай творчасці намнога ўскладняецца ў эпоху станаўлення і развіцця літаратуры крытычнага рэалізму. Чыгрын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)