Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ма́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Аб які можна запэцкацца. Мазкія сцены.

2. Які лёгка пэцкаецца, брудзіцца; маркі. Белая тканіна — мазкая.

мазлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць мазлівага.

мазлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і мазкі (у 2 знач.).

мазні́ца, ‑ы, ж.

Пасудзіна для калёснай мазі. Спяваюць колы, бразгаюць мазніцы. Барадулін.

мазну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да мазаць (у 1, 2 знач.).

мазня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Няўмела намаляваная карціна, неахайна напісаны тэкст. Не малюнак, а мазня. Мазня ў сшытку. □ У нацыянальнай галерэі [Швецыі], дзе выстаўлены шэдэўры Цорна і Рубенса, вісіць таксама мазня новых модных мастакоў. Мележ. // Што‑н. нядбайна, не на высокім узроўні напісанае; дрэнная, няўмелая работа. «Пэцкаль ты! Няма ў цябе ніводнай жылкі творчай. А вершыкі твае — мазня!» Корбан.

2. Няўмелая, з промахамі гульня, стральба і пад. — Што ж гэта за мазня! — з абурэннем хтосьці папракнуў цэнтральнага нападаючага. Стаховіч.

мазо́к, ‑зка, м.

1. Адзін рух пэндзля пры накладанні фарбы, а таксама слой фарбы, накладзены такім спосабам. Кожны мазок, пакладзены на палатно, сведчыў аб паспешлівасці аўтара. Асіпенка. // перан. Штрых, мастацкая дэталь. Сябра .. ні разу яшчэ не расшчодрыўся на .. расказ [пра падполле]. Так зрэдку кідаў некалькі мазкоў, эпізодаў, дэталей. Шамякін.

2. Тонкі слой вадкага выдзялення (слізі, крыві і пад.), нанесены на шкло для мікраскапічнага даследавання.

мазо́лістасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мазолістага; наяўнасць мазалёў.

мазо́лісты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты мазалямі; з мазалямі. Сяляне рушылі да стала і мазолістымі загрубелымі пальцамі выводзілі свае прозвішчы ці проста стаўлялі крыжыкі, а нарэшце паперу замацаваў пячаццю стараста Бабіч. Колас. Аксіння працягнула да Евы рукі: былі яны парэпаныя, мазолістыя ад цяжкай работы. Асіпенка.

мазо́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Разм. Націраць мазалі доўгай работай або хадзьбой. Дзён два мазоліў [Бірук] далоні рыдлёўкай — раўняў гліняны дол. Кулакоўскі.

•••

Мазоліць вочы каму — дакучаць, назаляць пастаяннай прысутнасцю. Мужчыны выйшлі на двор. Абіваючы росную націну, пайшлі па градах да рова, каб не вельмі мазоліць людзям вочы. Асіпенка.

Мазоліць язык — упустую, дарэмна гаварыць.