Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

давяршы́цца, ‑вершыцца; зак.

Закончыцца, завяршыцца. З адчуваннем непапраўнага няшчасця, якое павінна давяршыцца, змучаны доўгай дарогаю і думкамі, стары падводзіў эшалон да станцыі. Мележ.

давяршы́ць, ‑вяршу, ‑вершыш, ‑вершыць; зак., што.

Закончыць, завяршыць. Давяршыць пачатую справу. □ Далейшы шлях атрада,.. як быццам знарок дзеля таго, каб давяршыць найбольшы гарт выпрабавання, быў асабліва цяжкім. Брыль.

давяршэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. давяршаць — давяршыць.

•••

У давяршэнне чаго — у дадатак да таго, што папярэднічала, было раней. Снедалі. Бульба ў лупінах, падагрэтая.. учарашняя капуста, хлеб, як зямля, і халодныя аладкі.. У давяршэнне роскашы старая прынесла з прыпека .. гаршчок з соллю. Брыль.

давячэ́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Закончыць вячэраць.

дагаблява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

1. Закончыць габляваць што‑н. Дагабляваць дошкі.

2. Абгабляваць да пэўнай мяжы. Дагабляваць бэльку да сярэдзіны.

дагава́рвацца,

гл. дагаворвацца.

дагава́рваць,

гл. дагаворваць.

дагавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак.

1. Прыйсці да згоды шляхам перагавораў; дамовіцца. Лабановіч канчаткова дагаварыўся з гаспадыняю, што будзе праз дзень прыходзіць сюды і займацца з Лідаю. Колас.

2. У размове ці разважаннях дайсці да якой‑н. крайнасці. Англійскі дэлегат, напрыклад, дагаварыўся да таго, што палічыў за прагрэс у калоніях павелічэнне колькасці аслаў. Філімонаў.

дагавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак., што і без дап.

Скончыць гаварыць; сказаць усё, выказаць да канца. Пры словах «новая настаўніца» Тарас Іванавіч падскочыў, як па пружынах, не даў жонцы дагаварыць. Колас. Да Міхася зноў прыйшла Таня Загаварыць недагаворанае раніцай. Машара.

дагаво́р, ‑у, м.

Пісьмовае або вуснае пагадненне, умова аб узаемных абавязацельствах. Мірны дагавор. Гандлёвы дагавор. Дагавор аб узаемадапамозе. Заключыць дагавор.

•••

Калектыўны дагавор — пагадненне, заключанае паміж адміністрацыяй і прафсаюзнай арганізацыяй якога‑н. прадпрыемства.