вако́лічны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў ваколіцы, у наваколлі. Чуткі пра бандытаў паплылі па ўсіх ваколічных вёсках. Чарнышэвіч. Тое, што трывожыла ў гэты час Мікіту, займала.. усіх ваколічных сялян. Галавач.
вако́лле, ‑я, н.
Разм. Мясцовасць, прастора вакол чаго‑н.; наваколле. Лажыўся на зямлю вечар і засцілаў цеменню ўсё ваколле. Каваль.
вако́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Размешчаны наўкола. Вакольныя нівы. □ Адсюль добра відны вакольныя вёскі, зялёныя палі з лугамі, лес за сялом. Каваль.
2. Які ляжыць у баку ад самага кароткага шляху, кружны. Ехаць вакольнай дарогай. □ [Мужчыны] выйшлі на Жукаву вуліцу, каб абагнуць рынак і вакольным шляхам спусціцца на Лог. Гартны.
3. у знач. наз. вако́льнае, ‑ага, н. Навакольнае асяроддзе. У некаторых апавяданнях наглядаецца чулае, індывідуальнае ўспрыманне ўсяго вакольнага. Чорны.
ва́кса, ‑ы, ж.
Мазь для чысткі скуранога абутку.
[Ад ням. Wachs — воск.]
ваксава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ваксаваць.
ваксава́цца, ‑суецца; незак.
Зал. да ваксаваць.
ваксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што.
Мазаць, чысціць абутак ваксай. Ваксаваць боты.
вакуо́лі, ‑яў; адз. вакуоля, ‑і, ж.
Невялікія, звычайна шарападобныя поласці ў клетках жывёльных і раслінных арганізмаў.
[Ад лац. vacuus — пусты.]
ва́куум, ‑у, м.
Спец. Разрэджаны стан газаў або паветра ў закрытым прыборы або пасудзіне; беспаветраная прастора.
[Лац. vacuum — пустата.]
ва́куумны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да вакууму. Вакуумныя помпы.