іканатэ́ка, ‑і, ДМ ‑тэцы, ж.
Спец. Калекцыя, збор відарысаў па пэўнай тэматыцы.
[Ад грэч. éikōn — малюнак, абраз і thēkē — сховішча.]
і́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ікаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
і́канне 2, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ікаць 2.
і́каўка, ‑і, ДМ ікаўцы, ж.
Разм. Міжвольныя ўдыхальныя рухі, якія выклікаюцца сутаргавым скарачэннем дыяфрагмы, а таксама адрывістыя гукі, якія суправаджаюць гэтыя рухі. Сыр стаў у горле, і Гарбача пачала мучыць ікаўка. Мурашка.
і́кацца, ‑аецца; безас. незак.
Пра міжвольную ікаўку. [Юзік:] А пакінь ты ўжо пра Шуру. Ёй так недзе моцна ікаецца. Крапіва.
і́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Міжвольна ўтвараць адрывістыя гукі, якія выклікаюцца сутаргавым скарачэннем дыяфрагмы. [Лёнік], відаць, добра перакусіў, аж ікае, страсае са штаноў шалупінне. Быкаў.
і́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Спец. Вымаўляць у пераднаціскных складах замест гукаў «е» і «я» гук «і».