Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ша́бельнік ​1, ‑а, м.

Гіст. Спецыяліст па вырабу шабляў. Іван Анісімаў з Глыбокага, Рыгор Стасюкоў з Полацка і іншыя шабельнікі ездзілі ў Астрахань вучыцца рабіць булатныя клінкі. «Звязда». Некалькі сот гараджан прыйшло да ратушы. Былі тут шабельнікі, краўцы, фурманы. Шынклер.

ша́бельнік ​2, ‑а, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства ружакветных, якая расце на вільготных месцах. Ногі блыталіся ў высокай траве. Асака, дзікая канюшына, шабельнік... Аляхновіч.

ша́бельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаблі. Шабельныя ножны. □ І дзеля яго [будаўніка] тут сабраліся тыя, Што некалі ў гэткім узросце, як ён, Ляцелі з Будзённым на схілы крутыя, На пікі густыя, пад шабельны звон. Гілевіч. // Узброены шабляй (шаблямі). Нехта знаёмы, знаёмы здалёк ідзе: Ці дожджыку кропля над заваддзю сіняй, Ці звонкае вяселле на высокім покуце... Ці шабельная ў мыльнай пене конніца. Куляшоў.

ша́бер, ‑а, м.

Спец. Рэжучы інструмент, які служыць для прыгонкі паверхняў металічных вырабаў, для выраўноўвання, ачысткі паверхні металу і для выскрабання рысункаў у літаграфскай і гравіравальнай справе. У руках жа ў Зябко сілы ставала: падхопіць, здаралася, рашпіль ці шабер — кіпіць работа. Мыслівец.

[Ням. Schaber.]

шабе́та, ‑ы, ДМ ‑беце, ж.

Абл. Сумка, якая носіцца на поясе. З палка, прыбітага пад столлю, Цімох дастае раменную шабету, туга напакаваную ўсялякімі паперамі. Навуменка.

шабланізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шабланізаваць.

шабланізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) шаблонным (у 2 знач.).

2. толькі незак. Зал. да шабланізаваць.

шабланізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) шаблонным (у 2 знач.).

шабланіза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шабланізаваць.

ша́блевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаблі. Шаблевы ўдар.

шаблепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд, форму шаблі, сагнуты, як шабля. Шаблепадобныя іклы.