хвалепадо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны на хвалю; які мае выгляд хвалі. Хвалепадобныя рухі. □ Над галавою гарэла паўночнае ззянне. Светлыя хвалепадобныя палосы пераліваліся рознымі колерамі, рухаліся, плылі. Шамякін.
хвалёны, ‑ая, ‑ае.
Які атрымаў высокую ацэнку; расхвалены. Галя была самая прыкметная сярод дзяўчат.. Ды і хлопец да яе прыязджаў з горада.. Працаваў на заводзе пасля арміі. Хвалёны, прыгожы, паважаных бацькоў хлопец! Мыслівец. // Іран. Пра каго‑, што‑н., што аказалася нявартым пахвалы. [Бадытчык:] — Тут гэтыя коні хвалёныя ўжо ледзьве ногі цягаюць. Лобан. К. Каліноўскі выкрывае хвалёны царскі маніфест аб скасаванні паншчыны. С. Александровіч.
хва́лісты, ‑ая, ‑ае.
Падобны на хвалі, на паверхню вады, пакрытую хвалямі. Хвалістыя валасы. □ Прыемна адчуваць.. [Амельцы] было хвалісты шоўк чорных і бліскучых валасоў Яніны. Мурашка. Па хвалістых перакатах збажыны відаць было, што вецер падзімае немалы. Беразняк. // Бугрысты, з пагоркамі. Хвалістая мясцовасць паступова зніжаецца і пераходзіць у пойму ракі. В. Вольскі.
хвалі́цца, хвалюся, хвалішся, хваліцца; незак.
Расхвальваць што‑н. сваё, свае поспехі, заслугі і пад. Хваліцца сілай. □ — Вось гэта ў мяне сёлета добра ўрадзіла! — хваліўся гаспадар, паказваючы на канюшыну. Бядуля. [Сонька] ўсім хваліцца, што кучаравая ад роду, але мы ведаем, што без гарачага цвіка тут не абыходзіцца. Сяркоў. Дык вось кінь, Ілья, хваліцца Сваім громам, бліскавіцай: Твая тэхніка — старая, У архіў даўно пара ёй. Крапіва. // З пахвальбой расказваць пра свае ўчынкі, дасягненні і пад. Бацька, захмялелы, хваліўся за сталом, што ён зарабіў не блага і надумаў набыць машыну-воўначасалку. Кухараў. Адразу ж пачала [імянінніца] хваліцца: — А ў нас сёння смачны-смачны пірог быў, з варэннем. Юрэвіч. // З выхваляннем абяцаць зрабіць што‑н. Польскі хлопец Янэк хваліўся сваёй маме, што ён наловіць многа рыбы. Брыль. [Хлапчукі:] — А яшчэ хваліўся — любога на лапаткі палажу! Рунец. // Расказваць, паведамляць пра што‑н. Лясніцкі.. звярнуўся да Тацяны: — Хваліцеся ж, Тацяна Карпаўна, вашымі поспехамі ў санітарнай справе. Шамякін. Пра гэтае месца мы нікому з рыбакоў не хваліліся, бо, апрача ўсяго, там лепш чым дзе бярэцца рыба. Якімовіч.
хвалі́ць, хвалю, хваліш, хваліць; незак., каго-што.
Выказваць адабрэнне, пахвалу каму‑, чаму‑н. Пан хваліць лес, хоча даражэй з купца злупіць, а купец падтаквае яму ды адводзіць далей у гушчарню. Якімовіч. Коля вучыўся добра, і настаўнік яго хваліў: — Хоць маленькі, ды ўдаленькі. С. Александровіч. Каня хвалі пасля дарогі. Прымаўка. Аржаная каша сама сябе хваліць. Прыказка.
хвальба́, ‑ы, ж.
1. Празмернае расхвальванне сваіх вартасцей, часта перабольшаных заслуг, учынкаў і пад. Паны ў хвальбе не зналі меры, Самім сабе не мелі веры. Колас.
2. Адабрэнне, пахвала каму‑н. Не, не хваліце сціпласць маю, Вам пахвальба не да твару, Хоць ад хвальбы я і растаю, Нібыта цукар ад вару!.. Лойка.
хвалько́, ‑а, м. і нескл., ж.
Той, хто любіць хваліцца. І гэта пан Юры зрабіў аднойчы так, што адзіны заяц, забіты на паляванні вядомым хвальком і хлусам Вірскім, трымаў у лапках запіску з надпісам: «За што?!» Караткевіч. Віктар любіць хлопцаў са свайго ўзвода. Усе яны трошкі хвалькі, пыл любяць пусціць у вочы і як бы загадзя надзелі на сябе маскі страшэнных зухаў, якім мора па калена. Навуменка.
хвалю́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад хваляваць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які выклікае хваляванне, трывожыць, непакоіць. Пасля такіх хвалюючых, бурных перажыванняў Пятрусь злёг... Нікановіч. Хвалюючым помнікам салдацкай вернасці гучаць шматлікія надпісы, што пакінулі воіны на крапасных сценах: «Смерць фашызму!» «Звязда». І пахне зямля такім да болю знаёмым хвалюючым пахам, якім можа пахнуць толькі родная зямля. Даніленка. Хвалюючы голас пранізвае сэрцы слухачоў. Бядуля.
3. Дзеепрысл. незак. ад хваляваць.
хва́ля, ‑і, ж.
1. Вадзяны вал, які ўтвараецца гайданнем паверхні вады. Марскія хвалі. □ Каля нізкага берага.. ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. Брыль. Дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся і блішчэлі на месяцы. Колас. // перан. Пра тое, што сваім рухам, формай нагадвае хвалі. Акно расчынілася, хваля свежага паветра з ліпавым водарам абдала Зосю. Хомчанка. Дыхне ветрык і бягуць прыбоем жытнёвыя хвалі ў неабсяжную даль. Машара. // перан. Прыліў або праяўленне якога‑н. пачуцця, адчування. Сэрца захліснула цёплая пяшчотная хваля. Місько. З кожным новым пытаннем у душы чалавека падымаецца хваля ярасці. «Полымя».
2. Спец. Форма распаўсюджвання ваганняў у пругкім асяроддзі. Электрамагнітныя хвалі. Гукавая хваля.
3. перан.; чаго. Пра масу, плынь чаго‑н., што рухаецца адно за адным з пэўнымі інтэрваламі, перапынкамі. Раніцай.. наляцелі самалёты з чорна-жоўтымі крыжамі на фюзеляжах. Першая хваля, дзесятка паўтара, прайшла на вялікай вышыні, пабліскваючы чырванню ад набрынялай, гатовай выпусціць сонца на небакрай, зары. Хадкевіч.
4. перан.; чаго. Узмоцнены рух, праяўленне чаго‑н. Хваля пратэсту. Хваля арыштаў. □ У 1912–1913 гг. у краіне намячаецца новая хваля рэвалюцыйнага ўздыму. Навуменка.
•••
Доўгія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 1 да 10 км.
Кароткія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 10 да 100 м.
Сярэднія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 100 да 1000 м.
хвалява́нне, ‑я, н.
1. Рух хваль на паверхні вады, гайданне яе. Хваляванне на моры.
2. Нервовае ўзбуджэнне, выкліканае адчуваннем трывогі, радасці і пад. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Колас. Адчыніўшы дзверы, .. [Тэкля] з нейкай нецярплівасцю і хваляваннем паглядзела на вароты. Краўчанка. І з хваляваннем кожны з нас Ступіў на бераг запаветны, Дзе вырашаўся ў грозны час У бітвах лёс усёй краіны. Танк.
3. звычайна мн. (хвалява́нні, ‑яў). Масавы рух, пратэст супраць чаго‑н. Хваляванні рабочых у капіталістычных краінах. Сялянскія хваляванні ў царскай Расіі.