формаўтварэ́нне, ‑я, н.
1. Утварэнне, з’яўленне новых форм. Формаўтварэнне раслін. Працэсы формаўтварэння.
2. Утварэнне граматычных форм аднаго і таго ж слова; словазмяненне. Разгляд формаўтварэння слова.
фо́рменка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Форменнае верхняе адзенне (у матросаў, навучэнцаў тэхнічных вучылішчаў і пад.). Алёша толькі ўчора прыехаў з мараходкі, з Калінінграда, ён у шырокіх клёшных штанах, у форменцы. Кудравец.
фо́рменны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да формы (у 10 знач.); які з’яўляецца формай. Форменная фуражка. □ За сталом сядзіць маладая жанчына ў форменным кіцелі з бліскучымі пагонамі на плячах. Васілёнак. Толькі форменныя пятліцы на чорным кіцелі з дзвюма сінімі зорачкамі на іх сведчаць, што гэта — дырэктар. Шынклер.
2. Складзены па пэўнаму ўзору, форме; афіцыйны. У пакой заходзілі людзі, запаўнялі форменныя бланкі, падавалі бялявай дзяўчынцы. Асіпенка. А хутка прыйшло пісьмо ў форменным канверце. Марціновіч.
3. Разм. Сапраўдны. Не даючы апомніцца, [Канстанцін Міхайлавіч] учыніў форменны разнос за непаслядоўнасць пісання. Лужанін. [Андрэй:] — Гэта ж форменны падпал! Гэта ж злачынства. Васілёнак.
фо́рмула, ‑ы, ж.
1. Дакладнае вызначэнне якога‑н. агульнага палажэння, закона і пад., якое мае дастасаванне да ўсіх прыватных выпадкаў. Задача вучоных — устанавіць формулы законаў прыроды. □ Вульгарна-сацыялагічныя формулы знешне выходзілі з прызнання заканамернасці развіцця пралетарскай літаратуры як вядучага, пануючага напрамку. Перкін. // Кароткае і дакладнае выказванне, азначэнне чаго‑н. Паэт дае формулу .. барацьбы: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры». Лужанін. // Устаноўлены нязменны тэкст чаго‑н.; прадвызначаная кіруючая ідэя. Асноўным прынцыпам першай фазы камунізма з’яўляецца формула: «Ад кожнага па яго здольнасцях, кожнаму — па яго працы». Лушчыцкі.
2. Умоўнае абазначэнне адносін якіх‑н. велічынь, элементаў і пад., якое складаецца з літар, лічбаў, знакаў. Алгебраічная формула. Хімічная формула. □ [Марынка] схілілася над сшыткамі, паволі ўваходзячы ў знаёмы свет формул і вывадаў. Хадкевіч. Адноснасць руху, Адноснасць часу, Энергію праменьчыка і масы Мы ў формулы загналі, Як у сеці. Грачанікаў.
[Ад лац. formula — форма, правіла, палажэнне.]
форс, ‑у, м.
Разм. Самахвальства, франтаватасць, імкненне здзівіць навакольных (раскошай, манерамі і пад.); шык. Мікола Зязюльскі быў калісь багаты чалавек, задаваў форсу і прагульваў цэлыя сотні рублёў. Колас. Без лётчыцкай шапкі, з бялесымі драбнюткімі кудзеркамі, Сяргей нагадваў цыбатага хлапчука, які для форсу надзеў нечую форму і саромеецца гэтага. Хомчанка. // Фанабэрыя, пыха. Напускны, штучны форс яго зляцеў, як шалупінне. [Горык] нагадваў цяпер вінаватага школьніка і хацеў неяк загладзіць свой учынак. Сапрыка.
фо́рсінг, ‑у, м.
Спец. Фарсіраваны бой у боксе, безупынная атака праціўніка.
[Англ. forsing.]
форс-мажо́р, ‑у, м.
Кніжн. Абставіны, якія вымушаюць дзейнічаць пэўным чынам, насуперак плану; акалічнасць, якую немагчыма прадухіліць або ліквідаваць.
[Фр. forse majeure.]
форт, ‑а, М ‑рце; мн. фарты, ‑оў; м.
Асобнае ўмацаванне ў сістэме крапасных збудаванняў; невялікая крэпасць. Устала сонца над шырокім Бугам. У люстры хваль адбіліся жыты І воблакі, што праплываюць цугам, І крэпасці разбітыя фарты. Танк.
[Фр. fort.]
фо́ртачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Тое, што і фортка (у 1 знач.). На бацькаў стук у акно .. [доктар] адчыніў фортачку і спытаўся, адкуль і чаго? Брыль.
фо́ртачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да форткі. Фортачная зашчапка.