ро́спіс, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. распісваць — распісаць (у 4 знач.).
2. Мастацкае ўпрыгожанне каляровымі фарбамі сцен, столі і пад.; насценны жывапіс. Фрэскавыя роспісы. □ Унутры .. [царквы], пад пазнейшымі слаямі фарбы, вучонымі выяўлены ўзоры першапачатковага мастацкага роспісу сцен. Хадкевіч. // Такое ж упрыгожанне сценак якіх‑н. начынняў, пасудзін і пад. Шырока за межамі Палесся вядомая і прадукцыя огаўскіх (в. Огава Іванаўскага р-на) майстроў, якія рабілі скрыні з характэрным менавіта для Палесся народным роспісам. «Помнікі».
3. Тое, што і подпіс. Пад паведамленнем стаяў уласнаручны подпіс дырэктара, стацкага саветніка Акаронкі, і выкрутасты роспіс дзелавода Давідзіка. Колас.
ро́спуск, ‑у, м.
Дзеянне паводле дзеясл. распускаць — распусціць (у 1 знач.).
ро́спыт, ‑у, М ‑пыце, м.
1. Выпытванне ў каго‑н. чаго‑н. Роспыт свой вядзе натоўп Аб грыбной навуцы: — Дзе набралі? — Колькі коп? — Як грыбы завуцца?.. Калачынскі.
2. толькі мн. (ро́спыты, ‑аў). Пытанні з мэтай выведаць, выпытаць што‑н. Прыставаць з роспытамі. Надакучаць роспытамі. □ Ужо бацька Мікеле заходзіў аднаго разу да .. маці [Марыі] і пасля ўсякіх роспытаў пра здароўе, пра справы завёў і сур’ёзную гутарку. Лынькоў.
ро́ссып, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. рассыпа́ць — рассы́паць (у 1 знач.).
2. Разм. Пра што‑н. рассыпанае ў вялікай колькасці. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Брыль. // перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н., быццам бы рассыпанага на паверхні. Мацвей Сымонавіч за якія два дзесяткі метраў убачыў россып лісічак. Мяжэвіч. На траве ляжаў бліскучы россып вадзяных кропель. Савіцкі. Каленік уздымае вышэй галаву і ўзіраецца ў густы россып зор на Млечным шляху, аж пакуль стамляюцца вочы. Галавач.
3. Спец. Лес, які сплаўляецца асобнымі бярвеннямі, а не плытамі.
4. Спец. Страты пры пагрузцы і перавозцы сыпкіх рэчываў.
5. Спец. Адкладанні, у складзе якіх маюцца крупінкі, крышталі карысных мінералаў (золата, плаціны і пад.). Алмазны россып.
6. Спец. Вялікая колькасць каменных глыб рознай велічыні і формы, якія ўтвараюцца пры выветрыванні горных парод. Пароды, якія выветрываюцца, утвараюць вялікія каменныя россыпы.
7. у знач. прысл. ро́ссыпам. Хто куды, у розныя бакі; урассыпную. Зноў пачуўся ўсё большы і большы гул матораў. Людзі кінуліся россыпам. Гурскі.
8. у знач. прысл. ро́ссыпам. У рассыпаным, разрозненым стане. Лес сплаўляюць россыпам.
ро́ссыпны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да россыпу (у 5 знач.). Россыпнае золата.
рост, ‑у, М ‑сце, м.
1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. расці. // Павелічэнне колькасці. Рост насельніцтва. Рост пагалоўя жывёлы. // Узмацненне, павышэнне. Зіма Сталінграда была зімой магутнага росту партызанскіх сіл, іх пераможнага наступу. Шамякін. Для Максіма Танка з’езд [пісьменнікаў СССР] быў вялікай падзеяй, ідэі, узнятыя там, знайшлі ў ім гарачага прыхільніка і дапамаглі яго творчаму росту. У. Калеснік.
2. Вышыня чалавека або жывёлы. Гэта быў невялікага росту, прысадзісты, шыракаплечы чалавек год пад трыццаць. Мяжэвіч. Сярэдняга росту .. мужчына ў афіцэрскім кіцелі і простых кірзавых ботах, размахваючы жоўтай палявой сумкай, нёс на сваім смуглявым твары вясёлую ўсмешку. Паслядовіч.
•••
Ва ўвесь рост, на ўвесь рост — а) стоячы, прама; б) поўнасцю, на ўсю фігуру (пра фігуру чалавека на фатаграфіі, партрэце і пад.); в) перан. патрабуючы неадкладнага вырашэння; г) перан. поўнасцю, як мае быць, як належыць. Словам, гаспадар абудзіўся ў Мікіце ва ўвесь рост. Колас.
У касы сажань ростам гл. сажань.
У поўны рост, на поўны рост — тое, што і ва ўвесь рост.
У рост чалавека — прыблізна такой вышыні як чалавек.
ро́ставы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да росту (у 1 знач.). Роставыя працэсы.
ро́стань 1, ‑і, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставацца — расстацца; расставанне. Пры ростані не гаварылі, дзе сустрэнуцца, бо ведалі — заўтра абавязкова ўбачацца на гэтым жа самым месцы. Адамчык.
2. Час, праведзены далёка ад блізкіх. І ростань доўгая здаецца хвіляю. Каму сказаць мне слова, што табе бярог? Барадулін. Толькі ў прыгодніцкіх раманах праз дзесяць год ростані маці не пазнае роднага сына, брат — брата. Шамякін.
ро́стань 2, ‑і, ж.
Месца перакрыжавання дзвюх або некалькіх дарог. А ўнук яго з вінтоўкаю залёг За вадакачкаю, на ростані дарог. Панчанка.
•••
На ростанях — у стане вагання, няўпэўненасці пры выбары далейшага шляху.
ро́стбіф, ‑а, м.
Ялавічына, засмажаная вялікім кавалкам.
[Англ. roastbeef.]
ро́стверк, ‑а, м.
Спец. Ніжняя частка фундамента збудавання. Жалезабетонны ростверк.
[Ням. Rostwerk.]