Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ныццё, ‑я, н.

1. Цягучы, тупы боль. Балючае ныццё разлілася па ўсім целе. Пестрак.

2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. ныць (у 2 знач.). [Андрэй Данілавіч:] — Захандрыў мой студэнт. Што ні пісьмо — суцэльнае ныццё. Ракітны.

3. перан. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. ныць ( у 3 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Н[а]жніцы спраўна перакусваюць драціны, і, адна за адной, яны ападаюць у снег. Ныццё [у правадах] напалову змаўкае. Брыль.

ныць, ныю, ныеш, ные; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Балець (пра адчуванне тупога, цягучага болю). Ныла спіна, балела шыя... балеў пад пахай рубец. Даўно ён ужо не ныў. Пташнікаў. Туравец стаў больш адчуваць, як ные параненая рука. Мележ. / у безас. ужыв. Хлопцам прыходзілася ўвесь час нізка прыгінацца, ад гэтага ныла ў паясніцы. Шахавец.

2. Надакучліва скардзіцца на што‑н. Большасць рабочых жыве ў навакольных вёсках, ходзіць на працу за 3–5 кіламетраў, і ніхто не ные, ніхто нічога не патрабуе. Грахоўскі. Адзін не мае часу носа ўцерці за работаю, а другі ные ад таго, што не ведае, куды яму дзець лішні час. Крапіва.

3. перан. Разм. Цягуча, жаласна гусці. Улетку галлём зялёным шуміць.. [шлях], а ўзімку адзінока ныюць на слупах драты. Скрыган. Пад столлю нылі камары. Самуйлёнак. У вяршалінах дрэў нудна ныў вецер. Новікаў.

•••

Душа (сэрца) ные гл. душа.

ны́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад ныць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Цягучы, тупы (пра боль). Нейкі непрыемны асадак гарэў на сэрцы, аддаваўся ў ім тупым ныючым болем. Лынькоў.

3. Дзеепрысл. незак. ад ныць.