Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бро́місты, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сваім саставе бром. Бромісты натрый. Бромістыя солі.

броне... (а таксама браня...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «бранявы», «браніраваны», напрыклад: бронедрызіна, бронетранспарцёр.

бронеаўтамабі́ль, ‑я, м.

Баявы браніраваны аўтамабіль, прызначаны для разведкі, аховы і сувязі; бранявік; бронемашына.

бронедрызі́на, ‑ы, ж.

Баявая браніраваная дрызіна.

бронемашы́на, ‑ы, ж.

Тое, што і бронеаўтамабіль. Разведка данесла, што ў вёску.. прыбылі немцы. Рэгулярнае войска з артылерыяй і бронемашынамі. Брыль.

бро́нетранспарцёр, ‑а, м.

Баявая браніраваная аўтамашына, прызначаная для перавозкі пяхоты на поле бою і для разведкі. І вось з засадай параўняўся бронетранспарцёр з дзесяткам гітлераўцаў і тры аўтамашыны са скрынкамі. Шчарбатаў.

бронецягні́к, ‑а, ж.

Тое, што і браня поезд. На пуцях стаяў мёртвы бронецягнік, палалі эшалоны з боепрыпасамі. Мележ.

бро́нза, ‑ы, ж.

1. Сплаў медзі з волавам, свінцом і іншымі металамі. Скульптура з бронзы.

2. зб. Мастацкія вырабы з такога сплаву. Выстаўка бронзы.

3. перан. Назва колеру, падобнага да колеру бронзы. Бронза загару. Бронза валасоў. □ Крануты бронзай восеньскія травы, сады лісцё скідаюць спакваля. Калачынскі.

4. Разм. Пра бронзавы медаль, атрыманы за трэцяе месца ў спартыўных спаборніцтвах, на конкурсе і пад.

бро́нзавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да бронзы. // Зроблены з бронзы. [Багуцкі] так ударыў кулаком па стале, што перакулілася бронзавая чарніліца. Лынькоў.

2. Цьмяна-залацісты або карычневы; колеру бронзы. Хлопчык быў у адных трусіках на шлейках, моцна складзены, увесь бронзавы ад загару. Хадкевіч. Над дрэвамі ўжо ўзляталі бронзавыя хрушчы. Караткевіч.

•••

Бронзавы век гл. век.

бро́нзаўка, ‑і, ДМ ‑заўцы; Р мн. ‑завак; ж.

Жук падсямейства пласцінчатавусых з яркай металічнай афарбоўкай.