Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блі́зіцца, ‑зіцца; незак.

Набліжаецца; надыходзіць. [Гул] усё мацнее і ўсё блізіцца, вось ужо зусім блізка, дзесьці ўжо тут за вокнамі. Чорны. Падступіла касавіца. А за касавіцай блізілася жніво. Мележ.

блі́зка,

1. Прысл. да прым. блізкі (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

2. у знач. вык. У хуткім часе, хутка. Жніво і ўборка з поля былі блізка. Чорны. А на дварэ ўжо вечарэе, І ночка блізка, змрок гусцее. Колас.

3. прыназ. з Р. Разм. У прасторавым значэнні. Блізка горкай рэчкі Сарыярві Жыў сабе ды гаспадарыў Паво. Багдановіч. Сеў каля паваленай яліны блізка сцежкі, што ў гушчар вядзе. А. Вольскі. // У часавым значэнні. Блізка апоўначы зноў змоўкла малатарня: чысцілі транспарцёр. Савіцкі.

4. прысл. Разм. Амаль, прыблізна. Экзамены цягнуліся блізка тыдзень. Колас. Ёсць будынкі з тоўстага бярвення, век якіх ідзе блізка не за сто год. Чорны. Прыцягнулася ў гэта мястэчка Прузына ўжо блізка году. Ядвігін Ш.

•••

Блізка што — амаль што.

І блізка няма — зусім няма. Сімон, які ведаў, што важных дакументаў і блізка няма.., цяжка ўздыхнуў. Самуйлёнак.

І ні блізка; ні блізка; ані блізка — ні ў якім разе, ні за што.

Прымаць (браць) блізка да сэрца гл. прымаць.

блізкаро́днасны, ‑ая, ‑ае.

Падобны па асноўных уласцівасцях, прыкметах; звязаны агульнасцю паходжання.

блі́зкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць блізкага. Блізкасць горада. Блізкасць раніцы. Блізкасць творчасці.

блізкаўсхо́дні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да Блізкага Ўсходу, знаходзіцца на Блізкім Усходзе. Блізкаўсходняе пытанне.

блі́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на невялікай адлегласці; проціл. далёкі. Вось-вось пакажацца сонца над блізкім лесам. Лынькоў. У блізкай вёсцы ўсхліпнуў, заспяваў гармонік. Бядуля. // Які мае невялікую працягласць у прасторы; кароткі. Усе [байцы] стралялі з блізкай дыстанцыі. Чорны.

2. Які аддзяляецца невялікім прамежкам часу. Свяціла сонца, .. зыркае і прамяністае: дыхала блізкаю вясною. Гартны. Яшчэ трымалася цеплыня над зямлёй, але чуліся блізкія халады. Чорны. Мацнела.. [Сашына] вера ў блізкую перамогу. Шамякін.

3. Звязаны пачуццямі сімпатыі, дружбы, кахання; дарагі. Зоня стала такой блізкай і каханай, што без яе не знойдзеш цяпер сілы жыць. Кулакоўскі. І ніколі так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла.. [Крамарэвічава] душа па Алесі, Ганцы, Толю і ёй, добрай яго жонцы, такой блізкай і роднай жанчыне. Чорны. / у знач. наз. блі́зкі, ‑ага, м. Праўду кажуць, пачуцці ў маўчанні глыбеюць. Блізкі блізкага гэтак паўней разумеюць. Лужанін. // Цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Блізкі да дыпламатычных колаў.

4. Які мае кроўныя сувязі; родны. Дзецям нашым — самым блізкім кроўна — Мы даём жыццё навечна ў дар. Гілевіч. / у знач. наз. блі́зкія, ‑іх, мн. Мае вы блізкія, мой бацька, маці. Як рад я кожнай вестачцы ад вас. Астрэйка.

5. перан. Добра вядомы, дарагі. Нам волжскі край стаў самым дарагім; І пах бароў, і шум вады вясенняй — Здаецца ўсё тут блізкім нам такім, На той зямлі, дзе нарадзіўся Ленін. Прыходзька. / у знач. наз. блі́зкае, ‑ага, н. Лёгкі смутак па чымсьці неасэнсаваным, але блізкім, неабходным для жыцця і шчасця, крануў.. [Таццяніна] сэрца. Шамякін.

6. Падобны. Блізкія па значэнню словы. Блізкія тэмы.

•••

Блізкі свет; не блізкі свет; за блізкі свет гл. свет.

блізнё,

гл. блізня.

блізні́ца, ‑ы, ж.

Разм. Адна з блізнят жаночага полу.

блізню́к,

гл. блізнюкі.

блізнюкі́, ‑оў; адз. блізнюк, ‑а, м.

Разм. Тое, што і блізняты.