блізкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца, адбываецца на невялікай адлегласці; проціл. далёкі. Вось-вось пакажацца сонца над блізкім лесам. Лынькоў. У блізкай вёсцы ўсхліпнуў, заспяваў гармонік. Бядуля. // Які мае невялікую працягласць у прасторы; кароткі. Усе [байцы] стралялі з блізкай дыстанцыі. Чорны.
2. Які аддзяляецца невялікім прамежкам часу. Свяціла сонца, .. зыркае і прамяністае: дыхала блізкаю вясною. Гартны. Яшчэ трымалася цеплыня над зямлёй, але чуліся блізкія халады. Чорны. Мацнела.. [Сашына] вера ў блізкую перамогу. Шамякін.
3. Звязаны пачуццямі сімпатыі, дружбы, кахання; дарагі. Зоня стала такой блізкай і каханай, што без яе не знойдзеш цяпер сілы жыць. Кулакоўскі. І ніколі так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла.. [Крамарэвічава] душа па Алесі, Ганцы, Толю і ёй, добрай яго жонцы, такой блізкай і роднай жанчыне. Чорны. / у знач. наз. блізкі, ‑ага, м. Праўду кажуць, пачуцці ў маўчанні глыбеюць. Блізкі блізкага гэтак паўней разумеюць. Лужанін. // Цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Блізкі да дыпламатычных колаў.
4. Які мае кроўныя сувязі; родны. Дзецям нашым — самым блізкім кроўна — Мы даём жыццё навечна ў дар. Гілевіч. / у знач. наз. блізкія, ‑іх, мн. Мае вы блізкія, мой бацька, маці. Як рад я кожнай вестачцы ад вас. Астрэйка.
5. перан. Добра вядомы, дарагі. Нам волжскі край стаў самым дарагім; І пах бароў, і шум вады вясенняй — Здаецца ўсё тут блізкім нам такім, На той зямлі, дзе нарадзіўся Ленін. Прыходзька. / у знач. наз. блізкае, ‑ага, н. Лёгкі смутак па чымсьці неасэнсаваным, але блізкім, неабходным для жыцця і шчасця, крануў.. [Таццяніна] сэрца. Шамякін.
6. Падобны. Блізкія па значэнню словы. Блізкія тэмы.
•••
Блізкі свет; не блізкі свет; за блізкі свет гл. свет.