ра́ліна, ‑ы, ж.
Абл. Адно рада. Ад маланак у .. [таполі] адна раліна ссохла. Кулакоўскі.
ралі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спартсмен, які ўдзельнічае ў ралі.
ра́лісты, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з некалькіх рал; разгалісты. Ралістая дзічка цяжка асядала на высокую мяжу. Чорны.
ралля́, ‑і, ж.
Узаранае поле, узараная глеба. За горкай было крыху незаворанага поплаву, а далей, аж да самай вёскі, ішла ралля. Кулакоўскі. Над свежай раллёй каркала і круцілася, ходзячы за плугамі, вараннё. Краўчанка. Вязнучы ў свежай раллі, хлопчыкі рухаліся павольна. Курто.
ральга́нг, ‑а, м.
Прыстасаванне для транспартавання грузаў; ролікавы транспарцёр. Хлопцы згружалі з платформы дошкі на гару. Двое другіх палонных былі на платформе; Алесь з Андрэем, беручы ад іх дошкі, пускалі па ральгангу ўніз, дзе іх прымалі і складвалі ў штабель чатыры пажылыя немцы. Брыль.
[Ням. Rollgang, ад Rolle — каток і Gang — ход.]
ра́ма, ‑ы, ж.
1. Аконны пераплёт з устаўленым шклом і без яго. Падвойныя рамы. □ У вузейшай частцы, дзе скляпенне падымалася над долам, была зроблена вузенькая, доўгенькая аконная рама ў чатыры шкельцы. Колас. // Зашклёны пераплёт для аховы раслін ад холаду ў парніках і цяпліцах.
2. Аправа для ўстаўкі ў яе карцін, партрэтаў, люстраў і пад. На астатніх сценах у цяжкіх арэхавых рамах былі развешаны партрэты. Даніленка.
3. Нясучая частка машыны, якой‑н. канструкцыі; станіна. Веласіпедная рама. □ [Йох:] — Міна была падкінута ў топку. Бачыце, рама паравоза цэлая і рэйкі цэлыя. Лынькоў.
4. Прамавугольнік з брусоў або планак для розных патрэб і мэт. У майстэрні было цяпер ціха, і .. [Яругіну] ўжо запякло хутчэй вярнуцца ў тую цішыню, каб напяць на раму палатно і пакласці на яго ўльтрамарын. Карамазаў. // Прыстасаванне для сотаў у вуллі.
•••
Лесапільная рама — машына для падоўжнага распілоўвання бярвення.
рамаза́н, ‑а, м.
1. Дзевяты месяц мусульманскага месячнага календара (месяц посту).
2. Пост у мусульман у гэтую пару, калі веруючыя павінны ўстрымлівацца ад вады і ежы ад усходу да захаду сонца.
[Ад араб. ramadân — гарачы.]
рама́н, ‑а, м.
1. Літаратурна-мастацкі апавядальны твор, звычайна ў прозе, са складаным і развітым сюжэтам. Гістарычны раман. □ У рамане К. Чорнага «Сястра» даецца характэрная для моладзі 20‑х гадоў спрэчка аб будучым лёсе літаратуры і мастацтва. Перкін.
2. Разм. Любоўныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай. [Сітнік:] — У мяне быў раман. Мне было сорак пяць гадоў, а ёй дваццаць. Ермаловіч.
•••
Рыцарскі раман — твор заходнееўрапейскай сярэдневяковай літаратуры пра каханне і незвычайныя подзвігі рыцараў.
Круціць раман з кім гл. круціць.
[Фр. roman.]
раманізава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад раманізаваць.
раманізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.
1. Засвоіць (засвойваць) рымскую культуру.
2. толькі незак. Зал. да раманізаваць.