Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

намалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Малюючы, стварыць вобраз каго‑, чаго‑н. Намаляваць партрэт. Намаляваць пейзаж. □ Федзя намаляваў карабель і паказаў Алесю. Ваданосаў.

2. перан. Адлюстраваць у мастацкіх вобразах. Пісьменнік намаляваў жыццё вёскі. □ [Кузьма Чорны] намаляваў галерэю моцных духам людзей. Кудраўцаў. // Апісаць словамі. [Маці:] — Уяўляю, якія карціны на .. лекцыі намаляваў наш Апанас Дзянісавіч! Пра машыны ён гатоў расказваць цэлымі днямі. Даніленка. // Уявіць у думках. Па радыё выконвалася п’еска Шумана. Мелодыя лілася светлая і лёгкая, і стары адразу намаляваў у думках кампазітара: малады і рухавы, з тонкімі рысамі, з яснымі летуценнымі вачыма. Кірэенка.

намані́ць, ‑маню, ‑маніш, ‑маніць; зак.

Нагаварыць няпраўды, нахлусіць. Наманіў ты мне пра яго.

на́маразь, ‑і, ж.

1. Асадак снегу, падобны на шэрань, які ўтвараецца ў сырое надвор’е на галінах, дроце і пад. Заглянуць з вуліцы ў хату ніхто не мог: шыбы пакрыліся тоўстым пластам намаразі. Шамякін. Сцены і столь зямлянкі пакрывала намаразь. Сіняўскі.

2. Слой лёду на чым‑н. З імглістага неба пасыпаліся крупы — дробна і спорна. Яны тоненька пазвоньвалі ў празрыстыя, з намараззю шыбы. Місько.

намардава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Разм. Вельмі знясіліцца, намучыцца. Намардавацца на цяжкай рабоце. Намардавацца ў дарозе.

намардава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., каго.

Разм. Вельмі знясіліць, намучыць.

на́марзень, ‑зня, м.

Падоўжны брусок, які набіваецца на капылы ў санях. Трашчаць намарзні, сціснутыя з двух бакоў .. вязамі. Пташнікаў.

намармыта́ць, ‑мычу, ‑мычаш, ‑мыча; зак., што і чаго.

Разм. Мармычучы, пагаварыць чаго‑н., набалбатаць.

намаро́жванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. намарожваць — намарозіць.

намаро́жвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да намарожваць.

намаро́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да намарозіць.