Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

гру́кат, ‑у, М ‑каце, м.

Вельмі моцны, раскацісты шум. Грукат гармат зліўся ў суцэльную кананаду. Шашкоў. Стукат і грукат, Машыны навокал снуюць. Астрэйка.

груката́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. грукатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Неўзабаве здалёк дайшоў гудок паравоза, а потым усё бліжэй чулася грукатанне вагонных колаў. Брыль.

груката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.

Разм. Ствараць грукат. Пярун грукоча, высякае, Нібыта крэсівам, агні. Ляпёшкін. // Напаўняцца шумам, грукатам. Горад грукатаў, палыхаў агнём. Дудо.

грукатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які стварае грукат; шумны. Грукатлівы вадаспад. □ Вера ішла асцярожна. Пачуўшы наперадзе цяжкія, грукатлівыя крокі, адступіла за куст. Асіпенка. // Напоўнены грукатам, шумам. [Сонца] асвятляла .. грукатлівую, дымную зямлю. Мележ.

грукатня́, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і грукат. Страляніна, гоман і грукатня пачалі аддаляцца... Чарот.

грукаце́ць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; незак.

Разм. Ствараць грукат; грукатаць. Пыхкаючы сінім дымком, грукацелі, злосна чмыхалі на глейкім полі трактары. Бялевіч. У небе ярка ўспыхвалі маланкі, аглушальна грукацеў гром. Сіняўскі.

гру́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Моцна стукаць (у дзверы, акно і пад.), просячыся, патрабуючы, каб упусцілі куды‑н. Грукацца ў дзверы.

2. Ударацца, стукацца аб што‑н. Кравец пабіўся ад таго, што, падаючы, грукаўся аб выступы ніжэйшых папярочак і з размаху шмаргануўся аб дошкі. Чорны.

гру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ствараць грукат. Ноч над зямлёй плыла. Грукала навальніца. Калачынскі. Зямлю скаваў мароз, і боты грукаюць на ўсё наваколле. Шамякін. // Шумна, з сілай біць, удараць. Як у бубен, у памост Грукаюць падковы. Бялевіч.

2. Тое, што і грукацца (у 1 знач.). Калі каму трэба было чаго, дык ён грукаў у брамку. Сабаленка.

гру́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм.

1. Шумна, з грукатам зваліцца або паваліцца. Засланка са звонам грукнулася аб падлогу. Чарнышэвіч.

2. Ударыцца, стукнуцца аб што‑н. У сенцах .. [Карней Адамавіч] наткнуўся на начоўкі і моцна грукнуўся ілбом аб вушак. Скрыпка.

гру́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да грукаць.