Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упа́дак, ‑дку, м.

1. Пагаршэнне агульнага стану чаго‑н.; агульны распад, разлажэнне. Упадак вытворчасці пры капіталізме. Упадак буржуазнай культуры. // Моцнае аслабленне фізічных ці духоўных сіл. Упадак сіл. Упадак духу.

2. Абл. Страта. Няма статку без упадку. Прымаўка.

•••

Каб на вас упадак — каб вы падохлі, каб на вас паморак.

упада́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. упадаць (у 1 знач.) — упасці (у 3 знач.).

упада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да упасці (у 3 знач.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Улівацца, уцякаць. Там, дзе ў раку ўпадае вузенькі ручаёк, я спыніўся. Ваданосаў. Неўзабаве [людзі] апынуліся каля невялікай рэчкі, якая ўпадала ў Нёман. Гурскі.

3. за кім-чым. Разм. Даглядаць каго‑, што‑н. Не ўпадаў стары ні за гаспадаркаю, ні за ўласнаю зямлёю. Лужанін. Ласкавая, дагодлівая і яшчэ рухавая кабета, [цётка Макрына] вельмі ўпадала за сваімі «нявестачкамі». Ракітны.

4. за кім. Разм. Заляцацца да каго‑н. Упадаць за дзяўчынаю.

упа́дачнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан упадачнага.

упа́дачнік, ‑а, м.

1. Выразнік эпохі ўпадку ў якой‑н. галіне грамадскага жыцця.

2. Разм. Той, хто паддаўся ўпадніцкім настроям.

упа́дачны, ‑ая, ‑ае.

Які бывае пры ўпадку ў якой‑н. галіне грамадскага жыцця. Упадачны стан капіталістычнай прамысловасці. // Які характарызуецца адсутнасцю актыўнасці ў чым‑н., веры ў што‑н. Упадачны настрой.

упадзе́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. упадаць (у 2 знач.).

2. Месца зліцця дзвюх рэк. Узнік .. [Полацк] тут, пры ўпадзенні Палаты ў Дзвіну, на зручным водным шляху з усходу на захад і з поўначы на поўдзень, у далёкія-далёкія часы як адзін з цэнтраў усходнеславянскага племені — крывічоў. Хадкевіч.

упа́дзіна, ‑ы, ж.

Паглыбленае месца: паглыбленне. Высіцца бераг, то стромка падаючы да ракі, то паката сходзячы да яе прыступкамі, невялікімі выемкамі, глыбокімі ўпадзінамі. Васілевіч. // Пра рысы твару, будову чэрапа і пад. Старыць яго [мужчыну] не густое чорнае шчацінне на сківіцах і барадзе, а ўпадзіны худых шчок з дробненькімі маршчынамі, якія разбягаюцца ва ўсе бакі ад шрама. С. Александровіч.

упа́дніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўпадніцтва. Упадніцкая буржуазная літаратура. □ Матывы завядання, тугі, адзіноты, калі яны становяцца ўстойлівымі і выцясняюць усё астатняе, — гэта ўжо атрыбуты ўпадніцкай паэзіі. Перкін.

упа́дніцтва, ‑а, н.

Погляды, настроі, характэрныя для ідэалогіі, палітыкі, культуры класаў, што сыходзяць з гістарычнай арэны, для перыядаў упадку ў якой‑н. галіне грамадскага жыцця. Сацыяльнае.. прагназіраванне пераважнай большасці буржуазных філосафаў і сацыёлагаў адрозніваецца рысамі песімізму, упадніцтва, бо капіталістычная сістэма, яе ідэалогія перажываюць глыбокі крызіс. «Весці».