Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзіві́ць, дзіўлю, дзівіш, дзівіць; незак., каго-што.

Выклікаць здзіўленне; здзіўляць. Касперскую дзівіла цярплівасць раненага, тое, што ён не скардзіўся, не стагнаў. Шарахоўскі. / у безас. ужыв. [Апейку] не раз дзівіла, і цяпер здзіўленне гэта ажыло зноў; колькі паэтаў, пісьменнікаў паявілася на беларускай зямлі за які дзесятак гадоў! Мележ.

дзіво́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дзівоснага.

дзіво́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Казачна-дзіўны, незвычайны, фантастычны. Ігнасю сняцца страшныя сны: ён вандруе па рэках і азёрах, пераходзіць кладачкі і масты. Чарнышэвіч. Янук павагаўся і сеў, хоць і страх наганяў на яго гэты пакой, падобны на дзівоснае вядзьмарскае збудаванне. Лупсякоў. Вокны друкарні.. замураваны дзівоснымі ўзорамі дзеда-мароза. Брыль.

2. Цудоўны, незвычайны па хараству, прыгажосці. Дрэвы яшчэ дзе-нідзе стаялі ў сваім дзівосным жоўта-барвовым убранні. Ляўданскі. Усё было нібы ахоплена агнём, дзівосным, невыказна прыгожым, усеабдымным. Мележ.

3. Выдатны, вельмі добры, цудоўны. — Ну ж і стрэльбу здабыў ты сабе, Мартын! — цмакаў дзед Талаш, разглядаючы дзівосную стрэльбу. Колас. Слава аб ім [Талімоне] ішла далёка, і перш за ўсё — за дзівосны голас. Кулакоўскі.

дзіво́сы, ‑вос і ‑аў, мн.

Разм. Дзіўныя рэчы, здарэнні; цуды. Дзядзька падбаўляў страху, расказваючы на печы розныя дзівосы. Лужанін.

дзіво́та, ‑ы, ДМ ‑воце, ж.

Разм.

1. Тое, што і дзіва (у 1 знач.).

2. толькі мн. (дзіво́ты, ‑аў). Дзівацтва. [Падначаленыя] зразумелі дзівоты свайго камандзіра і пачалі глядзець на мяне іншымі вачамі. Шамякін.

дзі́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Старадаўняй колючая зброя ў выглядзе доўгага дрэўка з вострым металічным наканечнікам; піка. А вораг тут, ля гарадской сцяны, І чуцен звон ягоны: звіняць страмёны, Мячы і дзіды звоняць. Сіпакоў. Варта, разумеючы, што справы дрэнь, ашчацінілася дзідамі. Караткевіч. // перан. Пра што‑н. вострае і доўгае. Там, дзе зайшло сонца, далёка за полем у небе тырчала вострая і доўгая чорная дзіда ад касцёла. Пташнікаў.

дзік, ‑а, м.

Дзікі кабан; вепр. Дзік ходзіць з дзічыхай, За ім — табун воўчы. Купала. Стары чорны дзік-сякач ідзе звычайна наперадзе. «Маладосць».

дзі́ка, прысл.

1. Прысл. да дзікі.

2. Са страхам, спужана. — Зараз загарыцца наш дом, — сказала Марына, дзіка азіраючыся. Чорны.

3. у знач. вык. Дзіўна, незвычайна. [Валя:] Людзі мастацтва і раптам здраднікі. Як гэта агідна, дзіка і незразумела. Карпаў.

4. у знач. вык. Глуха, запушчана. Я ў сад пайшоў. Усё глуха, дзіка. Усё травою зарасло. Багдановіч.

дзікабра́з, ‑а, м.

Жывёліна атрада грызуноў, спіна і бакі ў якой пакрыты моцнымі іголкамі.

дзікава́та, прысл.

1. Прысл. да дзікаваты.

2. Трохі са страхам, трохі спужана. Малы адразу, як звярок, што пачуў волю, шыбануў у куток,.. прыціснуўся, дзікавата азірнуўся. Мележ.

3. безас. у знач. вык. Нязвыкла, няўтульна. Спачатку ў мужчынскай зямлянцы было дзікавата. Брыль.

4. безас. у знач. вык. Страшнавата, трохі жудасна. Хаты з глухімі, чорнымі вокнамі стаялі па абодва бакі вуліцы, І Дзімку, калі паглядваў на іх, было дзікавата.. ад іх маўклівай затоенасці. Капыловіч.