Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Пачуць нюхам асаблівасці якога‑н. паху.

уню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Выявіць, адшукаць каго‑, што‑н. па паху; знюхаць. Сабака ўнюхаў зайца.

2. перан. Непрыкметна даведацца пра каго‑, што‑н., высачыць каго‑, што‑н. [Платаіс:] — Мне перадалі, ..што фашысты нешта ўнюхалі і рыхтуюцца да арыштаў падпальшчыкаў. Новікаў.

уню́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да унюхацца.

унясе́нне, ‑я, н.

Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. уносіць — унесці.

уня́цца, уймуся, уймешся, уймецца; уймёмся, уймяцеся; пр. уняўся, унялася, ‑лося; заг. уйміся; зак.

Разм.

1. Перастаць хвалявацца, плакаць, крычаць і пад.; суняцца, супакоіцца. Жаночы лямант крыху быў уняўся, але шчуплая смуглявая жанчына, матляючы ў паветры кулакамі, насядала на Юстына. Стаховіч. Лена апусцілася на мяккую капу, горка заплакала. Тлум адразу ўняўся. Ваданосаў.

2. Стаць больш слабым па сіле праяўлення; спыніцца, супакоіцца. Баец сцішыўся ў доле, так яму стала лягчэй — спякотны жар уняўся. Быкаў. Бяскрайняя снежная роўнядзь! Завіруха ўнялася. Мыслівец.

уня́ць, уйму, уймеш, уйме; уймём, уймяце; пр. уняў, уняла, ‑ло; зак., каго-што.

Разм.

1. Угаварыць або прымусіць каго‑н. супакоіцца, перастаць хвалявацца, крычаць, плакаць і пад. — Аўдоцця... — хоча перапыніць яе крык сам Анішчык, але дзе табе ўняць бабу, калі яна захацела пакрычаць. Мурашка. Нейкі час цяжкавата было аднавіць парадак, уняць гаваркіх. Кавалёў.

2. Суняць, супакоіць (пачуцці, боль і пад.). Я не супакойваў жанчыну, — я ведаў, што боль матчынага сэрца нельга ўняць нічым. Сачанка. Хлопец не можа ўняць дрыжыкаў. Навуменка. Уласнаю персонай Вяртаўся ён з раёна І смагі аніяк не мог уняць. Вітка. // Спыніць (кроў, слёзы). Спярша .. [тэлефаніст] прыклаў два пальцы к параненаму месцу, каб уняць кроў. Чорны.

упа́д, ‑у, М ‑дзе, м.

У выразе: да ўпаду — да знямогі, да поўнай страты сіл. На «пятачку».. танцы да ўпаду — за полькай вальс, за вальсам кадрыля на дванаццаць кален. Гроднеў.

упадаба́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад упадабаць.

2. у знач. прым. Які ўпадабаўся, спадабаўся, прыйшоўся па густу. Жанкі на лавах засмяяліся, пачалі пераказваць адна адной недачутыя ці ўпадабаныя словы песні. Палтаран. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў.

упадаба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Прыйсціся па густу. [Прахор:] — Ну, глядзіце сабе, як вам — упадабаецца [хата] ці не ўпадабаецца. Зарэцкі. Шафёр нешта буркатаў сабе пад нос. Відаць, матыў нейкай новае песні ўпадабаўся яму. Кавалёў.

2. Палюбіцца, спадабацца. [Вашыновіч:] — От бо маладыя цяпер якія! Я ж кажу, няхай здаровы жывуць.. Табе яна ўпадабалася, то ты бяры яе сабе на здароўе, але будзь ты чалавекам! Чорны. Асабліва ўпадабалася Міканору Хадоська. Мележ.

упадаба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Спадабаць, захапіцца кім‑, чым‑н. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Прачытаў яму [бацьку] свой верш за чужы. А ўжо як бацька ўпадабаў, прызнаўся, што напісаў сам. Лужанін. Стаўшы калгасным конюхам,.. [Павел] так упадабаў гэтую работу, так звыкся з коньмі, што не хацеў і адыходзіць ад іх. Кулакоўскі.

2. Палюбіць каго‑н. Упадабала.. [Лукер’я] тады мужнага чэкіста-камсамольца, выйшла за яго замуж. Місько. [Жняя:] — Зямляк то зямляк, але ж і ўпадабаў. Ды і чаму цябе не ўпадабаць: ты ж як тая кветачка. А кветачка ж кожнай пчолцы кідаецца ў вочы. Сабаленка. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.