дзіва́к, ‑а, м.
Чалавек з незвычайнымі схільнасцямі, звычкамі, поглядамі; арыгінал (у 2 знач.). — Дзівак, — між сабой гаспадыні гавораць: — Бярэ, што не трэба, патрэбнае дорыць. Лось. Лявон з маленства цягу меў Да тэхнікі, і ў наваколлі Не па сваёй — па людскай — волі Ён славу дзівака займеў. Гаўрусёў.
дзівакава́ты, ‑ая, ‑ае.
З адзнакамі дзівацтва. Байкоў і Ірына Аркадзьеўна расказвалі адзін аднаму пра розных дзівакаватых, незвычайных людзей, з якімі ім давялося ў жыцці сустрэцца. Шамякін. Невялічкае і крыху дзівакаватае пісьмо павярнула зусім у іншы бок думкі Лабановіча. Колас.
дзіва́нна, ‑ы, ж.
Адна- і двухгадовая травяністая расліна сямейства залознікавых з жоўтымі, чырвонымі або белымі кветкамі, сабранымі ў колас; скарыстоўваецца ў медыцыне. Дзіванна вялікая. Дзіванна чорная.
дзівасі́л, ‑у, м.
Высокая шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з вялікімі прадаўгаватымі лістамі і дробнымі жоўтымі кветкамі; карэнне скарыстоўваецца ў медыцыне.
дзіва́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Уласцівы дзіваку, такі, як у дзівака. Дзівацкія мары. Дзівацкая натура. □ [Сымон] сваім такім дзівацкім талентам сам захапляўся, [па]глыбляў яго, развіваў, адшліфоўваў. Бядуля.
2. Дзіўны, незвычайны. У групе ішлі і дзве жанчыны: адна маладая ў саламяным капелюшы з дзівацкім заломам наперадзе. Пестрак. [У Астапа] было ў запасе шмат цікавых гісторый .. пра дзівацкія справы баброў. Лынькоў.
дзіва́цтва, ‑а, н.
1. Незвычайнасць у схільнасцях, звычках, паводзінах. — Ха-ха! Дзіўна! І не пратэставаць і не маўчаць! Ха-ха. Вось гэта і ёсць дзівацтва. Галавач. [А. Гурло] быў чалавек надзвычай сціплы, і гэта сціпласць даходзіла часам да дзівацтва. Хведаровіч.
2. Дзівацкі ўчынак, жаданне; капрыз. Раман Дзянісавіч расказваў пра навіны на трактарным заводзе, куды ён перайшоў гады два назад са станкабудаўнічага. Пераход гэты Марынка лічыла проста дзівацтвам: станкабудаўнічы завод быў амаль побач, бацька працаваў на ім майстрам-слесарам. Хадкевіч. Невялічкую падробку пад Пушкіна я заўважаў і раней, але глядзеў на яе, як на маладое дзівацтва. Скрыган.
дзіва́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да дзівак.
дзіва́члівы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і дзівакаваты. Раптам некаму прыйшла ў галаву гуллівая, дзівачлівая думка. Зарэцкі.
дзіва́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Разм. Паводзіць сябе як дзівак, рабіць дзівацтвы. Няхай я парой дзівачыў... Дык ведай — каханнем першым І шчырым, і непаўторным Цябе я, сяброўка, кахаў. Панчанка.
дзіві́цца, дзіўлюся, дзівішся, дзівіцца; незак.
1. каму-чаму, з каго-чаго і з дадан. сказам. Прыходзіць у здзіўленне; здзіўляцца. На світанні ўсё было скончана. Памеру дыверсіі дзівіліся нават самі партызаны. Шамякін. Дзівіцца Сцёпка. З кніжкі дзівіцца і з Аленчынай вучонасці, і ён не адважваецца паэкзаменаваць яе. Колас. Дзівіліся людзі: дробная, непрыгожая, няўдалая жанчына, пстрычкай забіць можна, а ў жыцці — люты драпежнік. Чарнышэвіч. // Выказваць сваё здзіўленне словамі. — О-го-го! — дзівіўся я, але больш глядзеў, чым слухаў. Карпюк.
2. Разм. Глядзець са здзіўленнем, з захапленнем або з цікавасцю. Хвіліны праз дзве камсамольцы ўсім гуртам, як ішлі, стаялі на самай сярэдзіне таполевай прысады і дзівіліся ў поле. Галавач. Кожную ночку на зорку дзівіцца Буду ў далёкім краю. Багдановіч.
•••
Дзівам дзівіцца — моцна здзіўляцца.