гра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Адбітак часткі друкарскага набору, яшчэ не звярстанага ў старонкі; сама частка такога набору. Заранік пайшоў у сельгасаддзел знаёміцца з планамі, матэрыяламі, гранкамі набраных у чарговы нумар артыкулаў і заметак. Хадкевіч.
гранку́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Абл. Буйная шраціна. [Дзед Талаш] палажыў штук шэсць гранкулек, і калі ўсё было гатова, тады пасадзіў на брамку пістон і ўжо болей цвёрдымі і ўпэўненымі крокамі накіраваўся ў Макушы. Колас.
гра́нула, ‑ы, ж.
Спец. Невялічкі цвёрды кусочак якога‑н. рэчыва ў выглядзе зерня або камячка.
[Ад лац. granulum — зярнятка.]
гранулява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. грануляваць.
гранулява́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад грануляваць.
2. у знач. прым. Які мае форму зярнят, невялічкіх камячкоў. Грануляваныя ўгнаенні.
гранулява́цца, ‑люецца; незак.
1. Ператварацца ў зярністы стан, паддавацца грануляванню.
2. Зал. да грануляваць.
гранулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., што.
Спец. Надаць (надаваць) якому‑н. рэчыву форму зярнят, невялічкіх камячкоў. Грануляваць салетру. Грануляваць шлак.
грануля́цыя, ‑і, ж.
1. Тое, што і грануляванне.
2. Бачная зярністасць сонечнай паверхні.
3. Новая тканка, якая разрастаецца пры загойванні раны і мае зярністы выгляд.
грань, ‑і, ж.
1. Лінія падзелу; граніца, мяжа. Былі гады змагання На грані дзвюх эпох. Кастрычніцкіх паўстанняў Ніхто не перамог. Колас. // перан. Тое, што адрознівае адно ад другога. У Лынькова часта нельга правесці грані паміж.. аўтарскай унутранай псіхалагічнай характарыстыкай і ўнутраным маналогам самога героя. Дзюбайла.
2. Плоская паверхня прадмета, якая ўтварае вугал з другой такой жа паверхняй. Грані куба. Грані паралелепіпеда.
3. Кант, утвораны дзвюма плоскасцямі, якія перасякаюцца.
грасі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Вымаўляць гук «р» на французскі манер; картавіць.
[Ад фр. grasseyer.]